Сонечная і геатэрмальная энергія ў кватэры

9 апреля 2016

У Гродне беларускія будаўнікі сумесна з экспертамі праекта ПРААН узводзяць адзіны на гэты момант шматкватэрны дом у краіне, які фактычна будзе выкарыстоўваць толькі энергію сонца і зямлі. Як будуць здабываць цяпло з гарадскога грунту і як прыйшлося змяніць будаўнічыя схемы для энергаэфектыўнага эксперымента - у рэпартажы Дзмітрыя Смірнова.

10 паверхаў і 120 кватэр, якія незалежна ад сезона будуць атрымліваць цяпло і электрычнасць экалагічна чыстым спосабам. Разумны, як яго ўжо назвалі, дом у Гродне частку энергіі, напрыклад, на падаграванне вады, будзе акумуляваць з грунту. Спецыяльна для гэтага ўпершыню ў Беларусі сканструявалі 32 тэрмапалі, якія зараз манціруюць на пляцоўцы будучай шматпавярхоўкі.

Звычайна падмуркавыя палі, якія трымаюць, па сутнасці, нагрузку ўсяго дома, забіваюць у зямлю. У гродзенскім энергапраекце іх апускаюць у бетон - менавіта так яны будуць паглынаць цяпло пад і вакол дома.

Вось гэтыя тэрмапалі робяць праект дома ў Гродне ўнікальным. Трубы будуць збіраць цяпло зямлі пад будынкам і перадаваць на спецыяльныя тэрмапомпы. З 4 градусаў па Цэльсіі яны акумулююць на выхадзе 55.

Паводле слоў праекціроўшчыкаў, гэта простая фізіка. Так уладкаваная сама Зямля: незалежна ад сезона градус на глыбіні заўсёды раўнуецца 4 па Цэльсіі. Менавіта такое пастаянства і гарантуе эканомію ў камунальных рахунках.

Аляксандр Грабянькоў, кіраўнік праекта ПРААН і Глабальнага экалагічнага фонду па павышэнні энергаэфектыўнасці жылых дамоў у Беларусі: "Калі лічыць, звычайны дом спажывае на гарачае водазабеспячэнне каля 100 кВт\г на квадратны метр за год, то гэтая сістэма нам дазволіць паменшыць у 4 разы - каля 25-30 кВт\г на метр квадратны за год. Гэта сэканоміць для жыхароў цеплавой энергіі каля 40 мВт\г за год".

Дарэчы, геатэрмальная энергія - не адзіная навіна ў гэтым доме. Паводле ідэі інжынераў, электрычнасць збяруць з сонечных промняў. На будынку паставяць больш за 300 спецыяльных батарэй.

Гэты дом пакуль афіцыйна лічыцца эксперыментальным. Аднак тэрмапалі прайшлі вызначаную праверку і даказалі эфектыўнасць. Чакаецца, што першыя жыхары змогуць памыць рукі вадой, сагрэтай геатэрмальнай сілай, ужо ў 2017 годзе. Пасля такія ж энергаэфектыўныя дамы з'явяцца ў Мінску і Магілёве.