Сноўборды, лыжы і каткі - для зімовага бадзёрага настрою мінчан

30 декабря 2021
Катанне на каньках, лыжах ці сноўбордзе. Жыхары сталіцы выбіраюць фармат актыўнага зімовага адпачынку. У Вяснянцы падрыхтавана лыжная траса,  ля Палаца спорту адкрыты мабільны каток, побач са школамі ў розных раёнах заліты лядовыя пляцоўкі фармату міні.  Пакрыццё снежных дыстанцый і лядовых арэн атрымліваецца захаваць на добрым узроўні.  А неабходны інвентар - лыжы ці канькі - можна браць у арэнду. Са спартыўных гарадскіх лакацый - Ілья Цвяткоў.

Час марозных забаў у сталіцу прыйшоў разам з зімовымі святамі. Падчас чакання Новага году мінчанам прапануюць выбраць варыянты актыўнага адпачынку - на любы густ.

Цёплае адзенне і тэрмас з гарбатай - усё, што неабходна мець фігурыстам-аматарам на мабільным катку ў цэнтры Мінска ля Палаца спорту. Практыкавацца ў выпісванні ўзораў на люстраным пакрыцці тут можна да 11 вечара. 

На снежным перадсвяточным тыдні ў сталіцы паводле традыцыі бум катанняў на адкрытых лядовых пляцоўках. Многія з іх залітыя спецыяльна для школьнікаў. Дзеці падчас канікул выкарыстоўваюць міні-лядовыя арэны для гульні ў хакей, а хтосьці толькі вучыцца стаяць на каньках.

Прыходзіць на каткі могуць не толькі навучэнцы школ - пляцоўкі адкрыты для ўсіх ахвочых, як і лыжныя трасы. Снежныя маршруты пракладзены ў розных раёнах сталіцы. На выбар - лыжаролерная траса ў Вяснянцы або ў Парку 900-годдзя Мінска ў Чыжоўцы. Увесь неабходны інвентар можна браць з сабой ці ў арэнду.

Пакараюць жыхары сталіцы і горныя вяршыні. Прафесіяналы адточваюць майстэрства, пачаткоўцы спазнаюць лыжныя лайфхакі. 

Самая любімая дзіцячая забава - катанне на ватрушках. Для хуткасных спускаў на цюбінгах у некаторых раёнах сталіцы абсталяваны спецыяльныя бяспечныя схілы - удалечыні ад праезнай часткі. Выкарыстоўваць рэкамендуюць менавіта гэтыя пляцоўкі, каб атрымаць выключна зарад бадзёрасці і пазітыву.