Снежныя маршруты: новыя лыжаролерныя трасы ў Мінску

25 января 2022

Новыя дыстанцыі для аматараў снежных забегаў у сталіцы. У парку Мядзвежына ў мікрараёне Сухарава адкрыўся новы лыжны маршрут. Даўжыня дыстанцыі - 1200 метраў. Тут спрабуюць свае сілы і пачаткоўцы, і вопытныя лыжнікі. Праводзяць трэніроўкі і юныя біятланісты. 

Усяго лыжных трас у гэтым годзе ў Мінску  5: у Мядзвежыне,  Курасоўшчыне, па вуліцы Цікоцкага, у Чыжоўцы і  Вяснянцы.  Ілья Цвяткоў апрабаваў новыя маршруты.

1200 метраў снежнай каляі сярод сасновага лесу па жывапісным маршруце. Новую лыжную трасу сёлета праклалі ў лесапарку Мядзвежына. У марознае падарожжа тут адпраўляюцца кожную раніцу  аматары і прафесійныя лыжнікі. 

Каб белае пакрыццё для лыжнікаў заўсёды заставалася роўным і камфортным нягледзячы на перапады тэмператур,  дадаткова на трасе выкарыстоўваюць вось такія снегагенератары.

Снежныя маршруты падрыхтавалі па ўсім Мінску. На выбар  лыжаролерная траса ў Вяснянцы або ў парку 900-годдзя Мінска ў Чыжоўцы, ёсць дыстанцыя даўжынёй 700 метраў  у парку па вуліцы Цікоцкага. Лыжы, палкі і чаравікі на некаторых трасах можна браць і ў арэнду ў спецыяльна абсталяваных пунктах пракату. 

Жыхары сталіцы спрабуюць свае сілы і яшчэ на адной новай трасе - у парку Курасоўшчына. Тут  больш схілаў і хуткасных спускаў  для аматараў перамяшчэння з дадатковым драйвам. Чысціню і якасць пакрыцця кожны дзень кантралююць, раўняюць з дапамогай спецтэхнікі.

Каля лыжных трас абсталяваны і схілы для катання на цюбінгах. Тут спускі на ватрушках для маленькіх мінчан  бяспечныя. Акрамя таго, у сталіцы залітыя каткі і хакейныя каробкі  ля школ. Такімі мабільнымі лядовымі арэнамі ахвотна карыстаюцца не толькі вучні, але і ўсе ахвотнікі.