Снежныя магістралі для актыўнага адпачынку адкрываюць у Мінску. Падкажам лакацыі

28 ноября 2023

Мінск ужо гатовы да марозных актыўнасцей. Снежныя старты - і на лыжаролернай трасе ў Вяснянцы. Тут праклалі першы кіламетр дыстанцыі. Настрой - на зімовую гонку!

Акрамя гэтага, у сталіцы рыхтуюць пакрыццё для катання на лыжах у Курасоўшчыне, Чыжоўцы, лесапарку Мядзвежына. Інвентар можна ўзяць у арэнду, спецыялісты падбяруць неабходнае абсталяванне.

Падрабязнасці ў Ільі Цвяткова.

Лыжныя трасы адкрываюць у сталіцы

Лыжную зімовую эстафету прымае Мінск. У Вяснянцы адкрываюць першы кіламетр лыжнай дыстанцыі. Снежныя пушкі працуюць у рэжыме нон-стоп, асабліва ў вячэрнія і начныя гадзіны - пакуль на тэрмометрах трывае мінус. Толькі ў марознае надвор'е можна назапасіць дастатковую колькасць якаснага матэрыялу для фарміравання трасы.

Штучны снег ідэальна падыходзіць для такіх задач. Ён больш шчыльны, вытрымлівае сур'ёзныя нагрузкі і не растае падчас перападаў тэмператур. Таму дыстанцыя будзе працаваць да канца сакавіка.

Пакуль у Вяснянцы гатовы для катання толькі адзін кіламетр снежнай магістралі. Яго ўжо актыўна выкарыстоўваюць аматары зімовых відаў спорту. Тут трэніруюцца спартсмены - вопытныя і пачынаючыя атлеты. Прыязджаюць і тыя, хто хоча навучыцца стаяць на лыжах. Прафесійны тэст-драйв снежнай трасы зрабілі і прадстаўнікі адміністрацыі горада.

Для ахвочых далучыцца да лыжнай гонкі - усе неабходныя камфортныя ўмовы. Пракат лыжнага абсталявання працуе кожны дзень. Спецыялісты падбяруць інвентар індывідуальна - для кожнага ўзросту і ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі.

Мінск да лыжнага сезона сёлета падрыхтаваўся грунтоўна. Маршруты для зімовых прагулак гатовыя ля "Чыжоўка-Арэны", у лесапарку Мядзвежына і ў Курасоўшчыне. Для аматараў канькоў зусім хутка адкрыюцца і лакальныя лядовыя міні-арэны.

Спецыяльна абсталяваныя спускі прадугледжаны таксама для катання на цюбінгах і санках. Выкарыстоўваць гэты зімовы інвентар можна толькі на бяспечных горках - удалечыні ад праезнай часткі, каб пазбегнуць траўмаў і дарожна-транспартных здарэнняў.