Школьныя экспазіцыі - да юбілею Маскоўскага раёна сталіцы

5 апреля 2022
Гісторыя малой радзімы - праз фота, дакументы і творчасць! Музейны праект, прысвечаны 45-гадоваму юбілею Маскоўскага раёна, прэзентавалі ў сталічных школах і гімназіях. "Міхалова" і "Малінаўка", "Паўднёвы Захад" і "Брылевічы" - экспазіцыі разгарнуліся ў кожным мікрараёне. Гісторыю "Пятроўшчыны", напрыклад, расказваюць на базе 146-й гімназіі. Выстава аб'яднала адразу тры тэматычныя секцыі: мультымедыйны экскурс, знаёмства з пакаленнямі карэнных жыхароў, а таксама са славутасцямі і знакавымі месцамі. Тым часам, мінулае і будучыня "Грушаўкі" перапляліся ў 105-й школе. Праз малюнкі і макеты навучэнцы прадставілі, якім будзе мікрараён.

Сустрэчы з ветэранамі, вывучэнне тапанімікі, экскурсіі - матэрыял для выстаў дзеці і настаўнікі збіралі некалькі месяцаў. Працаваць жа школьныя экспазіцыі будуць увесь красавік.