Школьнікі са Шчучынскага раёна аднавілі баявы шлях мясцовага партызанскага злучэння

8 мая 2019

Маштабная пошукавая праца ў архівах і ўспаміны ўдзельнікаў супраціўлення дазволілі стварыць унікальны мемарыяльны комплекс "Партызанская зямлянка". За тры гады, з 41-га па 44-ты, 6-тысячны атрад здзейсніў сотні баявых аперацый, шчучынцы пусцілі пад адхон 180 ваенных  эшалонаў. Аб захаванні памяці аб подзвігах  мясцовых жыхароў у гады вайны - Юрый Карняловіч  у нашай рубрыцы "Справа маладых".

Ідэя аднавіць увесь баявы шлях легендарнага Шчучынскага партызанскага злучэння ў вучняў Арлянскай школы ўзнікла  некалькі гадоў назад. 

У гады вайны  атрады мясцовых жыхароў пад адзіным камандаваннем наводзілі жах на ворага на тэрыторыі адразу трох раёнаў. Здзейснілі сотні баявых аперацый. А пачыналася ўсё ў далёкім 1941 годзе, пасля акупацыі раёна 17 чалавек проста сышлі ў лес, каб ваяваць за сваіх родных. Першае ж заданне апынулася паспяховым.

Матэрыялы аб дзейнасці партызанскага атрада школьнікі разам з настаўнікамі збіралі ў архівах, запісвалі ўспаміны ветэранаў вайны. У выніку  атрымалася знайсці нават месца, дзе размяшчаўся штаб злучэння. Тут усталявалі памятны знак, адрэстаўравалі зямлянку, а побач адкрылі невялікі музей.

У гэтай зямлянцы знаходзіўся штаб легендарнага Шчучынскага партызанскага злучэння. У пяці брыгадах лічылася больш за шэсць  тысяч чалавек. За тры гады  з 41 па 44 партызаны пусцілі пад адхон 180 ваенных  эшалонаў, падарвалі 49 мастоў і знішчылі парадку 20 тысяч салдат і афіцэраў вермахта.

Школьнікі праводзяць тут урачыстыя мерапрыемствы, арганізоўваюць інтэрактыўныя экскурсіі. А напярэдадні  Дня Перамогі наладзілі  імправізаваны суботнік. Прывялі тэрыторыю комплексу ў парадак, абнавілі музейную экспазіцыю.

У планах вучняў мясцовай школы працягваць  распрацоўваць турыстычныя маршруты па ўсёй тэрыторыі Ліпічанскай пушчы, дзе ў ваенныя гады дзейнічала партызанскае злучэнне. А ў месцах самых буйных аперацый і жорсткіх баёў усталяваць памятныя таблічкі. Бо гэта і ёсць справа маладых - паважаць подзвіг і не забываць пра тых, хто абараніў наша мірнае неба 75 гадоў назад.