Школьнікі і гімназісты рыхтуюцца да заступлення на Пост №1 у Дзень Перамогі

6 мая 2016

Вахта памяці ля Вечнага агню на плошчы Перамогі ў Мінску. Вось ужо 32 гады школьнікі і гімназісты Мінска кожны тыдзень заступаюць на Пост №1. З пачуццём гонару і патрыятызму мемарыяльны атрад ушаноўвае памяць загінуўшых у вайну. І толькі лепшыя атрымліваюць права несці вахту 9 Мая - у свята Перамогі. Надзея Сербіненка ўбачыла падрыхтоўку Паста №1 да урачыстасцяў.

Пост №1 у Мінску з'явіўся 32 гады таму. З часам некаторыя правілы вахты памяці змяніліся. Цяпер старшакласнікі стаяць ля Вечнага агню не круглы год, а з верасня па май. Але па-ранейшаму толькі лепшыя юнармейцы ўдзельнічаюць у вялікіх святах і міжнародных сустрэчах.

Перад тым як выйсці на плошчу Перамогі, школьнікі шмат трэніруюцца, адточваюць кожны крок і рух. А яшчэ - сочаць за тым, каб вонкавы выгляд быў бездакорным. Дрэс-код - умова абавязковая. Як і клятва вартавога паста - для кожнай новай змены вахты памяці.

Юнакі-вартавыя і дзяўчаты - іх памочніцы - змяняюцца кожныя 20 хвілін. Стаяць на ўзвышшы - на спецыяльных памостах. Гэтак жа, як і гвардзейцы Букінгемскага палаца ў Лондане, мінскім школьнікам нельга "выходзіць з амплуа". Падчас нясення варты яны павінны стаяць з нерухомымі  тварамі.

Cтаць часткай ганаровай варты могуць не ўсе. Гэта старшакласнікі, якія адпавядаюць пэўным параметрам - рост, знешнасць і стан здароўя. Сёння яны рыхтуюцца да заступлення на Пост №1 у Дзень Перамогі.

Для многіх юнармейцаў нясенне вахты - даніна памяці продкам. Напрыклад, Уладзіслаў Дземяновіч - праўнук ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

9 Мая ганаровая варта памяці заступіць на Пост №1 ля Вечнага агню.