Сезон навігацыі па Днепрабугскім канале завяршыўся

25 ноября 2017

Пераправы перайшлі з летняга на зімовы рэжым працы. Паромы змяняюць пантонныя масты. Для мясцовых жыхароў гэта сапраўдная дарога жыцця, бо па ёй яны дабіраюцца на працу, у школу, па прадукты. Вікторыя Патоня аб жыцці людзей паміж двума берагамі.

Пераправа "Смольнікі" на Днепрабугскім канале працуе круглы год. Паром тут - адзіны спосаб дабрацца з аднаго берага на другі. Побач пагранічная зона, за 10 кіламетраў Украіна. Летам тут актыўна перамяшчаюцца сельгастэхніка, мясцовыя жыхары і нават турысты. Матрос Аляксандр Сазонік на пароме больш за 20 гадоў. Гаворыць, што такім спосабам можна перавезці груз вагой 25 тон. Важнасць плывучага моста не адмаўляе: калі ехаць у аб'езд, гэта лішнія 40 км. Кіраванне ручное. З дапамогай лябёдкі старэнькі паром за лічаныя хвіліны дастаўляе людзей на процілеглы бераг. Нярэдка і самі пасажыры просяць паруліць.

Лідзія Снарская жыве побач з паромам. Дом жанчыны на адным беразе, агарод - на другім. Праз водную перашкоду настаўнік пачатковых класаў 14 гадоў дабіралася і на працу ў школу.

І калі ў "Смольніках" паром будзе курсіраваць да маразоў, то на іншых пераправах рэгіёна перайшлі на зімовы рэжым працы.

Сезон навігацыі на Днепрабугскім канале завяршыўся 15 лістапада. Судны тут не пойдуць да вясны. Таму на зімовы перыяд замест парома ўстанаўліваюць вось такія пантонныя масты. Гэта, напрыклад, пераабсталяваная баржа. Гэта істотна дазваляе эканоміць час мясцовым жыхарам.

Для жыхароў вёскі Патапавічы гэты мост - сапраўдная дарога жыцця. Рух інтэнсіўны ў любое надвор'е. Гэта самы кароткі шлях у школу, на працу. Асабліва важны ў экстрэмальных сітуацыях.

Летам у Патапавічах паромшчык выконвае больш за 100 рэйсаў за змену. Перапраўляе тэхніку розных габарытаў, дровы, людзей. Але нават зімой, калі ўсталяваны наплыўны мост на накідных канатах, працы ўсё роўна хапае.

Усе пераправы знаходзяцца на балансе дарожнай службы. Кожныя пяць гадоў рачнікі Пінскага суднарамонтнага завода паромы правяраюць на прыдатнасць да эксплуатацыі.

Зімовы рэжым працы перапраў прадоўжыцца да вясны, пакуль не адкрыецца новы навігацыйны сезон.