Сям'я Барытоль. Дом, дзе жыве любоў

15 января 2021
Пра тых, хто клапоціцца і любіць. Сям'я Барытоль з Салігорскага раёна ўжо больш за 10 гадоў дорыць цяпло тым, хто застаўся без бацькоўскай апекі.
На гэтым тыдні Таццяне і Андрэю ўручылі прэмію прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне". Узнагарода  за добрыя справы і бескарыслівую працу. Усяго ж у гэтым дзіцячым доме сямейнага тыпу напоўнілі сямейным цяплом лёс 20 дзяцей. Рэпартаж Алены Вітко.

Духмяная выпечка ў дзіцячым доме сямейнага тыпу з аграгарадка Вялічкавічы не проста салодкі ласунак: цэлая традыцыя! Новыя рэцэпты тут дружна дэгустуюць 9 дзяцей. Абмяркоўваюць за вялікім сталом не толькі гастранамічныя адкрыцці - дзеляцца поспехамі ў школе, марамі, планамі.

Таццяна Барытоль, маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу: "У  першую чаргу павінна быць сумленнасць, павага адно да аднаго. Трэба прымаць адно аднаго такімі, якія мы ёсць. Мы прымаем дзетак, нічога ад іх не патрабуем. Таксама і яны з часам прымаюць і нас". 

Усяго Таццяна і Андрэй Барытоль змянілі лёс дваццаці дзяцей

Адзінаццаць ужо выпусцілі ў дарослае, самастойнае жыццё. З'явіліся і двое "прыёмных ўнукаў". Пачалася ж гісторыя вялікай сям'і  13 гадоў таму. Тады  яшчэ будучыя выхавальнікі разам са знаёмымі па справах апынуліся ў інтэрнаце. Убачылі маленькага Валеру і больш не змаглі забыць.

Андрэй Барытоль, бацька-выхавальнік дзіцячага дома сямейнага тыпу: "Проста хацелі дзіцяці з прытулку  зрабіць прыемнае - узялі на канікулы. За час летніх канікул ён пасябраваў з  нашым  сынам - яны равеснікі. І мы прывязаліся да яго. Калі трэба было адвозіць, вырашылі яго пакінуць. Ён стаў жыць з намі".

Усе ў гэтым доме хутка становяцца роднымі. Напрыклад, самыя маленькія - Марк і Вадзім - трапілі сюды ўсяго два месяцы таму. А зараз усе дружна  сочаць за іх поспехамі і першымі крокамі. Такія важныя моманты назаўсёды запомніць гэта сямейнае дрэва. Дарэчы, на тыдні фотахроніку папоўніў яшчэ адзін здымак. Сям'я ўдастоена прэміі "За духоўнае адраджэнне".