Сёння ў Беларусі - Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

22 июня 2015

Сёння ў Беларусі - Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Роўна 74 гады таму пачалася самая кровапралітная вайна ХХ стагоддзя. Яна забрала больш як 27 мільёнаў жыццяў. Сёння мы ўспамінаем тых, хто не вярнуўся з франтоў, быў закатаваны ў канцлагерах, загінуў у тыле. Беларусь першай прыняла на сябе ўдар фашыстаў. Досвіткам каля 12 тысяч чалавек прыйшлі ў легендарную Брэсцкую крэпасць-герой ускласці кветкі і вянкі і ўшанаваць памяць загінуўшых воінаў. Сярод ганаровых гасцей - Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. Па словах Прадстаяцеля Рускай праваслаўнай царквы, тут у 1942 годзе прапаў без весткі, а хутчэй за ўсё загінуў яго дзядзька. За спачын душ абаронцаў крэпасці ў Нікольскім гарнізонным храме Патрыярх адслужыў літыю, а затым прыняў удзел у мітынгу-рэквіеме.

На досвітку ў Брэсцкай крэпасці зноў раздаліся выбухі і стрэлы. Тут прайшла самая маштабная ў гісторыі Беларусі рэканструкцыя першых дзён вайны. На імправізаванае поле бою ля Кобрынскага ўмацавання выйшлі больш за 500 удзельнікаў ваенна-гістарычных клубаў з краін СНД, Заходняй Еўропы і нават Японіі. Арганізатары запэўніваюць: гэты паказ яны праводзяць, каб акунуць гледачоў у мінулае дзеля памяці.