Сёння сталіца акунулася ў атмасферу народных гулянняў

21 февраля 2015

Бліннае, песеннае і карагоднае - усё гэта свята Масленіца. У кожным раёне ладзяцца тэатралізаваныя шэсці, музычныя і забаўляльныя праграмы. У цэнтры свята, зразумела, галоўны ласунак. Бліны прапаноўваюцца самыя разнастайныя – з тварагом, смятанай і нават ікрой.

Сустракала вясну па ўсіх традыцыях Юлія Токар.

Старшы тэхнік самалётаў Уладзімір Клязовіч са Слуцку на Масленіцу ў сталіцу прыехаў спецыяльна. Прызнаецца: такія маштабныя гулянні яму па душы.

Галоўная масленічная пляцоўка разгарнулася ля Палаца спорту. Тут, акрамя традыцыйных бліноў, можна пачаставацца і стравамі беларускай кухні, шашлыком, духмянай юшкай і рознымі прысмакамі. Гандлёвыя рады разгарнуліся на 13 тысяч квадратных метраў: пляцоўка роўная двум гіпермаркетам.

Для гасцей і жыхароў сталіцы ладзяцца забаўляльныя інтэрактыўныя праграмы з песнямі, карагодамі і бліннымі конкурсамі.

Сёння на свяце галоўны ласунак Масленіцы гатуецца па старадаўніх рэцэптах. Кулінары здзіўляюць разнастайнасцю начынняў – ад варэння з макам да ікры. Масавыя гулянні разгарнуліся і ля Палаца дзяцей і моладзі. Тут для маленькіх наведвальнікаў свята – сапраўдная казка. Са скамарохамі, тэатралізаванымі шэсцямі і выступленнямі рыцараў.

Сталіца вясну сустракае па ўсіх традыцыях!

Масленічныя гулянні праходзяць на Міншчыне.

Расказвае Антаніна Станкевіч. Масленіца – гэта сапраўднае свята страўніка. Лічыцца, што ў апошнія дні перад вялікім постам трэба наядацца ўдосталь. У наступны раз можна будзе ад душы паласавацца смажаным хіба што толькі ў красавіку.

Сёння на свяце частуюць не толькі блінамі. Шашлык, пірагі і юшка таксама ў асартыменце. Але гастранамічная частка свята – гэта яшчэ не ўся Масленіца. Звычайна народнае свята не абыходзіцца без абрадавых песень, карагодаў і гульняў.

Увечары тут, пад Мінскам, і на астатніх пляцоўках будуць спальваць пудзіла Масленіцы. Пасля гэтага – верылі нашыя продкі - сыходзіць зіма, а разам з ёю і ўсе непрыемнасці.