Сёння праваслаўныя адзначаюць Пакровы Прасвятой Багародзіцы

14 октября 2017

Урачыстыя службы праходзяць ва ўсіх храмах і манастырах. Прастольнае свята сустракаюць і сотні цэркваў Беларусі. Адзін з самых унікальных - Свята-Пакроўскі храм у вёсцы Стрэшын Жлобінскага раёна. Аб жамчужыне архітэктуры - рэпартаж Наталлі Бардзілоўскай.

250 кіламетраў ад Мінска – і старажытны, 900-гадовы, Стрэшын. З якога боку да вёскі не пад'едзеш, царкву відаць з любога. Святыня Гомельшчыны - Свята-Пакроўскі храм – помнік архітэктуры эпохі класіцызму. У Еўропе такіх было тры, захаваўся толькі ў Беларусі. Будынак пад аховай дзяржавы. Беласнежны пяцікупальны, з пазалочанымі купаламі і званіцай, пабудаваны з цэглы ў форме крыжа.

Да рэвалюцыі Свята-Пакроўскі храм поўніўся пяццю тысячамі прыхаджан. Тут змалку прыслужваў бацьку-святару і духоўна ўзрастаў будучы беларускі святы – Іаан Кармянскі, зямляк стрэшынцаў.

Лёс шмат выпрабоўваў Свята-Пакроўскі храм: у Вялікую Айчынную былі разбураны купалы і званіца, пасля вайны тут складзіравалі соль. Яна нанесла будынку непапраўную шкоду. Але ж апякунка храма Багародзіца, у гонар покрыва якой і назвалі царкву, заўсёды нябачна зберагала месца. Сёння тут прастольнае свята. Разам з усімі праваслаўнымі стрэшынцы адзначаюць Пакровы. Свята, якое ўзгадвае падзею, што адбылася пасля зямнога жыцця Хрыста і Марыі.

Багародзіца расцягнула над вернікамі сваё покрыва. Ворагі адышли ад храма.

Хрысціянскі сэнс падзеі, якая лягла ў аснову Пакроўскага свята, у народзе цесна пераплёўся з людскімі прыкметамі. Пакровы здаўна называюць сустрэчай восені з зімой: у гэты дзень, 14 кастрычніка, звычайна людзі чакалі першага снегу, які хаця б на час пакрыў зямлю. Таксама покрыва - як знак абавязковага жаночага атрыбута: жанчына павінна ўваходзіць у храм з пакрытай галавой. Адно з самых любімых свят – Пакровы - у нашай краіне супадае з Днём маці і нагадвае: як Божая Маці апякуе ўсіх людзей, так і першая заступніца для кожнага дзіцяці – яго маці!

Пакровы – жаночае свята. Нашы бабулі верылі, што ў гэты дзень незамужнія дзяўчаты павінны прасіць: «Маці-Пакроў, пакрый зямлю сняжком, а мяне жанішком!». Свята гаспадынь: сабраўшы ўраджай, жанчыны выносілі сноп на двор, прасілі сытнай і цёплай зімы. Зрэшты, тут, у Стрэшынскім храме, існавала ўнікальная, адзіная на Беларусь сістэма ацяплення. Па восені жанчыны збіралі лісце, складзірвалі яго ў падвале. Лістота буцвела.

Такая сістэма сёння – ужо толькі паданне. Помнік архітэктуры - Свята-Пакроўскі храм Стрэшына - чакае рэстаўрацыі.