Сёння легендарнаму Уладзіміру Мулявіну споўнілася б 80 гадоў

12 января 2021
Сёння мы ўспамінаем і легендарнага  Уладзіміра Мулявіна. У гэты дзень яму споўнілася б  80 гадоў. Народны артыст Савецкага Саюза і Беларусі  стварыў ВІА, які грымеў на ўвесь свет і збіраў тысячныя залы. "Песняры"  сталі сапраўдным беларускім брэндам, а песні Мулявіна дагэтуль пранікаюць у самае сэрца, іх любяць і шануюць прыхільнікі. Сёння яны гучаць на новы лад з розных пляцовак. Пра дзень  нараджэння беларускага песняра - Іна Пілевіч.

"Чырвоная ружа"  анлайн  у падарунак да юбілею маэстра


У 80-ы дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна яго хіты гучаць ужывую на прасторах глабальнай Сеткі. Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры" працягвае справу народнага артыста СССР і Беларусі ўжо ў новых формах. 18 гадоў выходзяць да публікі без маэстра. 

Да юбілею маэстра рыхтуюць альбом. Прэм'ера  ўжо ў наступным месяцы


Гэта 12 новых кампазіцый сучасных аўтараў, але кожная з іх напісана ў фірменнай мулявінскай музычнай стылістыцы. Натхняюцца спадчынай - на сваёй музычнай базе арганізавалі выставу фота і вінілавых пласцінак розных эпох калектыву.
Сталічная студыя "Песняроў" праектавалася і будавалася пры ўдзеле Мулявіна. Праўда, музыкант так і не паспеў тут папрацаваць. У памяць пра Уладзіміра Георгіевіча захоўваюць вось гэты сінтэзатар, які гучаў на канцэртах з яго ўдзелам. Па тых часах самая сапраўдная экзотыка. На такім іграла група Pink Floyd. 
Ён пазнаёміў увесь свет з беларускай культурай, пры гэтым беларусам быў толькі ў душы. Уладзімір Мулявін нарадзіўся ў Свярдлоўску, цяперашнім Екацерынбургу. У Мінск трапіў па запрашэнні - прапанавалі пазіцыю ў Белдзяржфілармоніі. І тут ён не адчуваў сябе  чужым. Наадварот захапіўся мясцовым каларытам. Узяўся за вывучэнне беларускай мовы, каб працаваць з народнай песняй. Пасля заснаваў ансамбль "Песняры". ВІА вылучаўся тым, што выконваў беларускія народныя песні ў сучаснай інтэрпрэтацыі.

Яшчэ ні аднаму беларускаму калектыву не ўдалося перасягнуць іх поспех


Калектыў пад кіраўніцтвам Мулявіна біў рэкорды па тыражах пласцінак у СССР. Яны сталі першым савецкім ВІА, які правёў гастролі ў ЗША. Прыхільнікі ансамбля нават палічылі - ім апладзіравалі ў 56 краінах. "Касіў Ясь канюшыну", "Волагда", "Калядачкі", "Белавежская пушча", "Александрына" - гэта ўжо залаты музычны фонд, песні па-за часам і эпохай. 

У біяграфіі генія было месца не толькі авацыям захопленай публікі і высокім узнагародам 


За межамі сцэны - сардэчныя драмы, творчыя спрэчкі і рознагалоссі ў калектыве. А затым  аварыя, якая забрала жыццё музыканта, і, задавалася, магла паставіць кропку на дзейнасці калектыву. Але нягледзячы на ўсе выпрабаванні, прадстаўнікі розных пакаленняў ансамбля, родныя, блізкія кожны год сустракаюцца ў гэты дзень, каб аддаць даніну памяці кампазітару. Сёння месца сустрэчы бульвар імя маэстра. Неслі кветкі да помніка пад знакамітую "Малітву". Пранікнёнае выкананне Мулявіна дагэтуль у сэрцах публікі, якая назвала песню духоўным гімнам Беларусі.