Сёння спаўняецца 100 гадоў з дня ўтварэння беларускай міліцыі

4 марта 2017

Гэты дзень у гісторыі Беларусі  асаблівы. Сёння спаўняецца 100 гадоў з дня ўтварэння міліцыі. Урачыстасці з нагоды юбілею ведамства праходзяць па ўсёй краіне. Праз гадзіну ў цэнтры Мінска пачнецца ўрачысты марш падраздзяленняў МУС. Гэта першае такое мерапрыемства за ўсю гісторыю беларускіх вартавых правапарадку. Удзел у ім прыме і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Сведкамі маштабнага шэсця стануць і тэлегледачы "Беларусь 1". Наш канал будзе весці прамую трансляцыю з Кастрычніцкай плошчы.

Там ужо працуе наша здымачная група. На прамой сувязі са студыяй Уладзімір Каралёў (прамое ўключэнне).

Мы зараз знаходзімся на Кастрычніцкай плошчы, менавіта тут менш чым праз гадзіну адбудзецца ўрачысты марш, прысвечаны 100-годдзю міліцыі. У мерапрыемстве прымуць удзел 1200 чалавек. З іх каля тысячы ўзначаляць пешыя калоны - яны пройдуць па праспекце Незалежнасці ў цэнтры горада.

Такое маштабнае мерапрыемства праходзіць упершыню за ўсю гісторыю беларускай міліцыі. Адкрываць марш будуць розныя падраздзяленні органаў унутраных спраў. Усяго 17 пешых парадных разлікаў. Гэта інспектары ДАІ, кінолагі, патрульна-паставая служба, салдаты ўнутраных войскаў. Не абыдзецца марш без спецтэхнікі - на свяце будуць прадстаўленыя як рэтрааўтамабілі ўзору 50-х гадоў, так і сучасная тэхніка - гвардыя матацыклістаў, пазадарожнікі "Волат", бронетранспарцёры і многае іншае. Усяго ў маршы будзе задзейнічана больш як 40 адзінак спецтэхнікі. У святкаванні векавога юбілею ведамства прымуць удзел дэлегацыі з 16-ці краін свету. Святочныя мерапрыемствы таксама пройдуць ва ўсіх абласцях краіны.

Яшчэ раз нагадаем, што ўрачысты марш пачнецца менш чым праз гадзіну - у 10 раніцы на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Прамую трансляцыю святочнага шэсця будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і спадарожнікавы "Беларусь 24". Каменціраваць марш будуць Вікторыя Сянкевіч і Дзмітрый Бачкоў.