Расія выдзеліць Беларусі дадатковую пазыку да 2 мільярдаў долараў

26 декабря 2013

Другі дзень перамоў у Маскве цалкам быў прысвечаны двухбаковым адносінам Беларусі і Расіі. Дыялог атрымаўся канструктыўным і вельмі цёплым. На правах старшыні Дзяржсавета адкрываючы пасяджэнне, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: дынаміка адносінаў толькі расце, пра што сведчыць частата сустрэч: Вышэйшы дзяржсавет Саюзнай дзяржавы сёлета ўпершыню прайшоў двойчы. Беларусь і Расія вырашылі ўсе вострыя пытанні двухбаковых адносінаў.

Ужо на падвядзенні вынікаў стала вядома, што Расія дасць Беларусі дадатковую пазыку да 2 мільярдаў долараў. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, грошы, што выдзяляюцца, будуць працаваць на эканомікі дзвюх краін. Лічбы тавараабароту паміж Беларуссю і Расіяй уражваюць - гэта каля 40 мільярдаў долараў. На сёння Беларусь займае першае месца ў знешнім гандлі Расіі з дзяржавамі СНД і пятае з усімі краінамі свету. Відавочная выгада і ад сумеснай кааперацыі: у Расіі Беларусь закуплівае сыравіну, матэрыялы, шмат камплектуючых (яны пастаўляюцца на нашы заводы, напрыклад, маторны). Няцяжка падлічыць, што ўскосна Беларусь дае працу амаль 10 мільёнам расійскіх грамадзян.

І яшчэ адзін важны факт. Расія вырашае аператыўныя праблемы, створаныя расійскімі ж кампаніямі. Так, з-за вядомых дзеянняў Уралкалія, што абвалілі сусветны калійны рынак, нацыянальная эканоміка страціла каля паўтара мільярда долараў. Форс-мажор у інтэграцыйнай, партнёрскай эканоміцы трэба загладзіць.


Беларусь і Расія дамовіліся павышаць эфектыўнасць супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з карупцыяй. Было падпісана адпаведнае міжурадавае пагадненне. Таксама бакі падпісалі шэраг дакументаў аб рэалізацыі праграмы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва і аб узаемадзеянні ў галіне гарантавання міжнароднай інфармацыйнай бяспекі.