Сёння далі афіцыйны старт вучэнням "Захад-2017"

14 сентября 2017

Каля 10 000 вайскоўцаў - у іх ліку траціна расійскага кантынгенту - прымуць удзел у падрыхтоўцы войскаў у інтарэсах бяспекі Саюзнай дзяржавы. На тэрыторыі нашай краіны будзе задзейнічана каля 140 танкаў, паўтары сотні адзінак артылерыі і ракетных сістэм, больш як 40 самалётаў і верталётаў.

Тое, што вучэнні носяць выключна абарончы характар, напярэдадні дадаткова нагадалі ў Міністэрстве абароны. "Захад-2017" не нясе ніякай пагрозы ні для адной краіны і з'яўляецца завяршальным этапам сумеснага навучання УС Беларусі і Расіі. Адкрытасць і празрыстасць лішні раз падкрэсліваецца вялізнай колькасцю акрэдытаваных СМІ і запрошаных назіральнікаў. Для прыкладу: з 280 прадстаўнікоў прэсы большасць замежныя.

Колькасць назіральнікаў таксама ўражвае: 80 чалавек ад Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швецыі і Нарвегіі - гэта прадстаўнікі міжнародных арганізацый, такіх як НАТА ці АБСЕ. Плюс акрэдытаваныя ваенна-дыпламатычныя карпусы замежных дзяржаў.

Звесткі напярэдадні на брыфінгу апублікавала Міністэрства абароны, сярод іх і колькасць асабовага складу і ваеннай тэхнікі. Паўторым, "Захад-2017" - абарончыя вучэнні.

Алег Воінаў, начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі: "У гэтым выпадку фактарамі з'явіліся міралюбная і шматвектарная палітыка беларускай дзяржавы, адсутнасць тэрытарыяльных прэтэнзій да суседзяў, знаходжанне ў саюзе з Расіяй у мэтах гарантавання сваёй нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці і членства ў АДКБ".

У аснове задумы вучэнняў - нарастанне канфлікту ў рэгіёне як вынік актыўнасці незаконных узброеных фарміраванняў, міжнародных сепаратысцкіх і тэрарыстычных арганізацый, якія маюць знешнюю падтрымку. Гэта значыць, беларускім і расійскім вайскоўцам сумесна прыйдзецца закрываць мяжу, абараняць ваенныя аб'екты, ліквідаваць дыверсантаў і незаконныя ўзброеныя фарміраванні.

Алег Воінаў, начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі: "Адзначу, што пры вызначэнні раёнаў практычных дзеянняў войскаў для выключэння напружанасці ў адносінах з Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй прынцыпова абраныя палігоны, якія знаходзяцца на значным аддаленні ад дзяржаўнай мяжы".

На тэрыторыі Беларусі для адпрацоўкі практычных дзеянняў будуць выкарыстоўвацца шэсць палігонаў і два ўчасткі мясцовасці ў Віцебскай вобласці. Карта ваенных дзеянняў досыць маштабная. Але пры гэтым у Міністэрстве абароны падкрэсліваюць: войскі і тэхніка не перавышаюць колькасць, абмежаваную рознымі дамовамі і пагадненнямі ў сферы кантролю над узбраеннямі.