Самыя старыя могілкі ў Дзяржынску ледзь не знішчылі

13 апреля 2015

Знесці ці аднавіць. Самыя старыя могілкі ў Дзяржынску ледзь не знішчылі падчас работ па добраўпарадкаванні, якія праводзіла мясцовая ЖКГ. Сёння пахавальная атрыбутыка раскідана па могілках, некаторыя помнікі і гранітныя пліты ўвогуле разбіты. Хто ў адказе за такое "добраўпарадкаванне", які лёс чакае старыя могілкі. У пытанні разбіралася Наталля Кузьміцкая.

Калі пачаліся пахаванні на гэтых могілках, не памятаюць нават старажылы. Помнікі і гранітныя пліты - адзіныя сведкі гісторыі, на якіх высечаны памятныя даты. Сустракаюцца надмагільныя знакі, датаваныя нават XVIII стагоддзем.

Апошнія пахаванні тут праводзіліся амаль 50 гадоў таму. Дарэчы, гэтыя могілкі самыя старыя ў Дзяржынску. Зразумела, што большасць магілак не даглядаецца, аднак ёсць тыя, хто яшчэ памятае сваю гісторыю.

На гэтых могілках пахавана амаль уся сям'я Лагуновічаў - бацькі і дзяды Міхаіла. А яшчэ ёсць магілы сяброў і суседзяў, якіх мужчына таксама памятае.

Аднойчы на могілкі прыехала грэйдарная тэхніка, якая спрабавала ачысціць месца пахаванняў ад буйных зараснікаў хмызняку. У выніку большасць помнікаў была знішчана, іншыя камунальнікі адцягнулі да агароджы.

У выніку могілкі засталіся ў такім стане, як яны выглядаюць сёння. Сярод смецця і зламанай агароджы выбіваецца толькі вось гэты помнік знакамітаму медыку Расійскай імперыі – Юзафу Абламовічу. Калі памятны знак быў зруйнаваны падчас спілоўвання дрэў на могілках, яго аднавілі на сродкі энтузіястаў. Менавіта таму гэта месца абмінула так званае добраўпарадкаванне.

Дарэчы, ЖКГ зараз пачала выпраўляць памылкі мінулага. Ужо вядзецца работа над праектам, згодна з якім могілкам паспрабуюць вярнуць аўтэнтычны выгляд.

Аднак пакуль усе неабходныя дакументы будуць сабраныя, план па рэканструкцыі, нарэшце, зацвердзяць, а работы пачнуцца, могілкі могуць апынуцца ў яшчэ большым заняпадзе.