Самыя яркія падзеі другога святочнага дня ў Брэсце

7 сентября 2019
Гукі званоў усіх храмаў горада зліліся ў адну радасную мелодыю. Сёння юбіляр адкрываў музеі, сустракаў высокіх гасцей і прымаў падарункі. Як прайшоў другі дзень урачыстасці,  раскажа Марыя Тройніч.

Сёння раніцай у Брэсце ў літаральным сэнсе званілі ва ўсе званы. Больш за дваццаць праваслаўных і каталіцкіх храмаў горада зладзілі перазвон. Так вернікі разам славілі вялікае свята. І хаця ўрачыстасць  свецкая, ва ўсіх храмах горада сёння прайшлі набажэнствы, падчас  якіх маліліся аб дабрабыце Брэста і яго жыхароў. 

А днём Брэст напоўніўся яркімі фарбамі і эмоцыямі. У розных кутках горада прайшлі дзясяткі мерапрыемстваў. Сярод іх спартыўныя, культурныя і гістарычныя. Так, на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці пасля рамонту адкрылі музей "Бярэсце". Аб'ект  унікальны для ўсёй Еўропы. Рэшткі старажытнага горада XIII стагоддзя. У гонар свята ля музея арганізавалі рыцарскі турнір. Зброя і  адзенне воінаў цалкам упісваюцца ў гістарычны прамежак знойдзенага Бярэсця. 

У абноўленым музеі  14 інавацыйных залаў. Спецыяльна для "Бярэсця" Акадэмія навук распрацавала праграму для планшэтаў і смартфонаў. 

Урачыстасці сёння разгарнуліся на  дванаццаці пляцоўках. Адна з самых шматлюдных - вуліца Савецкая. Яна ператварылася ў адно суцэльнае свята. Тут прайшлі вернісажы, канцэрты пад адкрытым небам, флэшмобы і кірмашы. 

Дзень нараджэння - гэта яшчэ і сустрэча сяброў. Сёння ў тэатры драмы прайшоў урачысты прыём гарадоў-пабрацімаў. Туды з'ехаліся дэлегацыі з  васямнаццаці  краін. Усяго ў Брэста  трыццаць сем гарадоў-пабрацімаў. Акрамя сяброўскіх, іх звязваюць яшчэ і дзелавыя адносіны. Кожная дэлегацыя прывезла ўнікальныя прэзенты для юбіляра. Сярод іх нацыянальныя  стравы, сувеніры і мясцовыя брэнды. Свае падарункі гораду  зрабілі і камерцыйныя арганізацыі. Беларусбанк падарыў Брэсту сучасны реанімабіль. Ён абсталяваны перадавой медыцынскай тэхнікай для хуткай дыягностыкі. Гэта асабліва важна, калі ў барацьбе за жыццё ідзе  лік на секунды. Таксама ў новай хуткай ёсць апарат штучнага дыхання, ён дазволіць перавозіць пацыентаў на далёкія адлегласці. 

Акрамя медыцынскай дапамогі, Беларусбанк аказвае і сацыяльную - будуе  дамы сямейнага тыпу для дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў. Усяго іх арганізацыя пабудавала 16. А ўжо заўтра новая машына акажа сваю першую дапамогу: реанімабіль павязе цяжкахворага пацыента з Брэста ў сталіцу. 

Свята ў самым разгары, а па яго масавасці Брэст ужо б'е свае рэкорды. Турысты і гараджане не ўтойваюць радасных эмоцый.

Музыка і танцы не будуць спыняцца ў Брэсце практычна да раніцы. А заўтра ў горадзе будзе панаваць тэатральная атмасфера: тут адкрыецца міжнародны фестываль "Белая Вежа" ў святочным фармаце.