З клопатам аб самых маленькіх жыхарах Мінскай вобласці. Як у Лагойску, Чэрвеньскім раёне і Слуцку ідзе будаўніцтва дзіцячых садкоў

2 апреля 2024

Сучаснае асяроддзе для фізічнага развіцця і навучання праз гульню. З клопатам аб маленькіх жыхарах у сталічным рэгіёне ўзводзяць новыя сацыяльныя аб'екты.

Так, у Лагойску ідзе актыўнае будаўніцтва дзіцячага сада - а гэта 200 месцаў для камфортнага выхавання і адукацыі дашкольнікаў. Таксама дзіцячы садок узводзяць у Чэрвеньскім раёне. А ў Слуцку пад адным дахам будуць развівацца дашкольнікі і вучыцца пачатковыя класы.

Дарэчы, усяго ў інвестыцыйную праграму Мінскай вобласці на гэты год уключана 13 аб'ектаў адукацыі.

Падрабязнасці ў Аляксандры Гойтан.

Дашкольная інфраструктура

Праз меладычную мову, спевы і гульню выхаванцы новага сада № 5, што ў вёсцы Копішча, адаптуюцца да нязвыклай прасторы і людзей побач. Новы дзіцячы садок пакуль працуе не на поўную моц - пачынаюць рабочы працэс паступова - з клопатам, каб знаёмства перарасло ў сапраўднае сяброўства.

Той жа каштоўнай місіі - выхаванню і адукацыі падрастаючага пакалення - будуць служыць у гэтым доме ў Лагойску. Пакуль установа без нумара - з пашпартам будаўнічага аб'екта.

Каб зрабіць узгорысты ландшафт Лагойска, прыдатным для будаўніцтва, а месцамі перапад вышынь дасягаў 6 метраў, каманда праекціроўшчыкаў, інжынераў і будаўнікоў выканала маштабную падрыхтоўчую работу. Прымянялі вертыкальную планіроўку і тэхналогію забіўных паляў.

Дашкольнага наваселля асабліва чакаюць жыхары мікрараёна Паўднёвы захад. Гэта частка Лагойска забудоўвалася адной з апошніх, таму сацыяльна значны аб’ект будзе адразу запатрабаваным. Каляровае рашэнне і дызайн будынка дапоўніць агульную стылістыку новага мікрараёна.

Пакуль на аб'екце завяршаецца ўзвядзенне сцен з блокаў і цэглы - ідзе мантаж інжынерных сетак і адмысловыя працы на даху. Для дашкольнага раздолля - тры паверхі і 200 месцаў, а яшчэ басейн, зала для заняткаў спортам і музыкай, прадугледжаны таксама дзве групы для інклюзіўнага навучання.

На месцы старой і непрыгоднай пабудовы ў Смілавічах імкліва расце прасторны дзіцячы сад. У будынку прадугледжаны ўтульныя пакоі для 12 груп, камп'ютарны клас, басейн, зала для гімнастыкі і музыкі.

За апошнія 5 гадоў у Мінскай вобласці адкрылі 26 устаноў адукацыі - з іх 19 - дашкольныя. У прыярытэце па-за часам і модай - сучаснае асяроддзе з клопатам аб самых маленькіх жыхарах цэнтральнага рэгіёна.