З надыходам стабільна цёплага надвор'я актывізаваліся кляшчы

21 мая 2021

Кляшчы актывізаваліся. З надыходам стабільна цёплага надвор'я яны дакучаюць аматарам адпачынку на прыродзе. Каб паменшыць рызыку ўкусаў кляшчоў, спецыялісты сталічнага цэнтра дэзінфекцыі выязджаюць на апрацоўку зялёных тэрыторый - гарадскіх паркаў і сквераў. Асаблівая ўвага зонам каля дзіцячых пляцовак і пешаходных дарожак.

А тым часам у клініках ужо фіксуюць дзясяткі зваротаў. Медыкі папярэджваюць, што кляшчы з'яўляюцца ўзбуджальнікамі сур'ёзных захворванняў, такіх як барэліёз. Таму пры выяўленні крывасмока неабходна абавязкова звярнуцца да ўрача.

Кляшчы небяспечныя не толькі для чалавека, але і для хатніх жывёл - асабліва пакутуюць ад паразітаў сабакі. Таму ветэрынары рэкамендуюць рабіць рэгулярныя апрацоўкі і выкарыстоўваць спецыяльныя нашыйнікі.