Расійскія С-300 паступяць у распараджэнне беларускай арміі

9 февраля 2016

У распараджэнне беларускай арміі паступіць 4-ы дывізіён зенітна-ракетнага комплексу С-300. Як заявілі ў камандаванні ВПС і СПА, ужо ў наступным месяцы комплекс накіруецца ў нашу краіну з расійскага Нагінска. Нагадаем, два дывізіёны ўжо прыбылі з Хабараўска. Іх размяшчэнне зараз ідзе на пазіцыях у Полацку. Трэці С-300 асвойваюць у ракетнай часці ў Барысаве. Паралельна, паводле слоў камандуючага, ідзе мадэрнізацыя і закупка новага ўзбраення. Сёлета ў распараджэнне беларускіх СПА паступіць і чацвёртая батарэя ЗРК "ТоР М-2". Да 2020 плануюць замяніць парк знішчальнікаў МіГ-29 на Су-30. Такія дамоўленасці дасягнуты з расійскім бокам.

Алег Двігалёў, камандуючы ВПС і войскамі СПА Узброеных сіл Беларусі: "Я як камандуючы зацікаўлены ў тым, каб да нас паступала новая тэхніка. Сапраўды, С-400 - гэта магутны зенітна-ракетны комплекс. Але тая праца, якая ў нас праведзена з РФ па перадачы нам на бязвыплатнай аснове 4 дывізіёнаў С-300, нам дазваляе з упэўненасцю гаварыць, што з той групоўкай зенітна-ракетных войскаў мы справімся ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе".

Усё гэта рэакцыя на ўзмацненне блока НАТА каля нашых меж. Без увагі не засталося і павелічэнне колькасці дзяжурных знішчальнікаў у Прыбалтыцы. Іх колькасць вырасла адразу ў 5 разоў.