Рамонтныя работы на двух пуцеправодах Мінскай кальцавой скарэкціруюць маршрут вадзіцеляў

8 января 2019

Сёння пачаліся рамонтныя работы на двух пуцеправодах Мінскай кальцавой. Гэта збудаванні на трэцім кіламетры - у раёне вуліцы Скарыны, а таксама на дваццаць пятым кіламетры - ля павароту да філіяла БДУ.

Старт рамонтных работ скарэкціруе маршрут вадзіцеляў. Ужо заўтра рух на трэцім кіламетры МКАД будзе арганізаваны па вонкавым кальцы. Па дзвюх палосах з боку Зялёнага Луга у бок Шабаноў і па адной у зваротным напрамку. На дваццаць пятым кіламетры транспарт пусцяць па ўнутраным кальцы. Арганізуюць дзве паласы з Малінаўкі ў бок Лошыцы і адну паласу для руху з боку Лошыцы ў напрамку Малінаўкі.

Сёння спецыялісты пачалі разбіраць раздзяляльную агароджу на МКАД, каб перанакіраваць аўтамабільныя патокі. Старыя бэлькі пуцеправодаў заменяць на маналітныя. Запас іх трываласці - амаль 50 гадоў. Такія ж сучасныя будматэрыялы выкарыстоўваліся падчас рэканструкцыі моста ў раёне Лошыцы, які адкрылі пасля рамонту ў лістападзе.

Два пуцеправоды адкрыюцца да канца мая на час Еўрапейскіх гульняў. Затым рамонт прадоўжыцца. Усяго ж у план рэканструкцыі трапілі яшчэ некалькі сталічных мастоў. Сярод іх пуцеправод цераз вуліцу Чыгуначную па праспекце Жукава і мост цераз чыгунку на вуліцы Ваўпшасава. Іх рамонт будзе весціся сёлета і ў наступным годзе.