Рэферэндум па новай рэдакцыі Канстытуцыі пройдзе не пазней за люты 2022 года

21 октября 2021

Забяспечыць спакойнае развіццё, не дапусціць двоеўладдзя і разбалансавання работы органаў дзяржкіравання.

Прэзідэнт сёння пазначыў прыярытэты ў дашліфоўцы праекта новай Канстытуцыі (у Беларусі працягваецца праца над абнаўленнем Асноўнага закона). У Палацы Незалежнасці - чарговая зверка гадзіннікаў. У канцы верасня адзін з варыянтаў праекта Канстытуцыі ўжо быў прадстаўлены кіраўніку дзяржавы. Дакумент стаў вынікам паўгадавой работы канстытуцыйнай камісіі. Шматлікія прапановы знайшлі падтрымку і не выклікалі спрэчак. Але па асобных пытаннях да кансенсусу прыйсці не атрымалася. Тады Прэзідэнт даручыў стварыць рабочую групу па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі. Гэта 11 чалавек - аўтарытэтныя і вопытныя кіраўнікі і юрысты. Дзейнічаць трэба будзе аператыўна, арыентаваў кіраўнік дзяржавы. Бо да рэферэндуму яшчэ трэба будзе прайсці юрыдычнае сіта і маштабнае грамадскае абмеркаванне.

Адна з задач абноўленай Канстытуцыі - пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж органамі ўлады, каб зняць тым самым з Прэзідэнта неўласцівыя яму функцыі. Але пры гэтым лагічна, калі Беларусь захавае форму прэзідэнцкага кіравання. За гэта, дарэчы, выступае большасць беларусаў. На світанку незалежнасці краіне патрэбна была моцная прэзідэнцкая ўлада: гэта дапамагло справіцца з крызісам. Сёння іншы час - частку паўнамоцтваў можна апусціць на мясцовы або ўзровень урада.


Дапрацоўка Канстытуцыі зойме каля месяца

Расставіць усе кропкі над "i" ў спрэчных пытаннях рабочай групе трэба будзе на працягу месяца, каб да снежня выйсці на ўсенароднае абмеркаванне праекта Асноўнага закона. А рэферэндум па новай рэдакцыі Канстытуцыі пройдзе не пазней за люты наступнага года.