Рацыянальны падыход да колькасці работнікаў - цэлая навука

21 октября 2016

Быць флагманам вытворчасці і пры гэтым мець раздутыя штаты немагчыма. Кадравая аптымізацыя - тое, без чаго сёння нельга рэнтабельна працаваць і эфектыўна канкурыраваць на рынку. Працоўнае заканадаўства Беларусі прадугледжвае істотныя гарантыі работнікам, якія трапляюць пад скарачэнне. Гэта і выплата выхадной дапамогі ў памеры не менш як 3-разовы сярэднямесячны заробак, выдзяленне аднаго вольнага дня ў рабочым тыдні для пошуку новай працы. Але прафсаюзы Беларусі ўсё часцей выяўляюць факты так званага ўтоенага скарачэння. З работнікамі расстаюцца пасля заканчэння тэрміну кантракта, а затым яго пасаду ліквідуюць. Чалавек застаецца і без працы, і без выплат, якія павінны быць пры скарачэнні.

Вольга Маслоўская разбіралася ў сітуацыі. Вольга Павялковіч - па адукацыі хімік-тэхнолаг - змяніла прафесію год таму. Зараз яна інспектар аддзела кадраў завода "Палімір". На прадпрыемства прыйшла з мужам пасля заканчэння ВНУ. Калі цэх, дзе працавалі маладыя спецыялісты, закрыўся, вырашылі з завода не сыходзіць.

"Нітрон С" - цэх, якога на заводзе ўжо няма. За гэтымі сёння закансерваванымі сценамі выраблялі сыравіну для лёгкай прамысловасці.

Штучныя валокны, якія выпускалі ў цэху "Нітрон", былі ў кожным трэцім касцюме, пашытым у СССР. Але за паўстагоддзя тэхналогія састарэла, прадукцыя стала нерэнтабельнай. Цэх вырашылі закрыць. Амаль 700 чалавек сутыкнуліся з праблемай працаўладкавання.

Сёння кіраўніцтва завода і мясцовы прафсаюз не без гонару адзначаюць: ні адзін чалавек без працы не застаўся. Спецыялістам прапаноўвалі вакантныя пасады, навучалі без адрыву ад вытворчасці і з захаваннем зарплаты.

Гэта прыклад сацыяльна адказнага кадравага менеджменту. Але прафсаюзы ведаюць і іншыя факты. Часам наймальнік, каб сэканоміць на выплатах пры скарачэннях, звальняе работніка пасля заканчэння кантракта. А вакантную пасаду ліквідуе. Чалавек застаецца і без працы, і без матэрыяльнай падтрымкі. Такіх выпадкаў, паводле звестак Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, толькі сёлета налічваецца каля чатырох тысяч.

У СВК "Бярэзіна-аграпрадукт" цану рабочым рукам ведаюць. Нядаўна аб'ядналіся з профільным кааператывам. Але лішніх работнікаў не аказалася.

Прафсаюз настаяў, а наймальнік падтрымаў увядзенне надбавак да зарплаты токарам і зваршчыкам за цяжкія ўмовы працы. Работнікі забяспечаны спецадзеннем. І гэта не пустыя траты, упэўнены на прадпрыемстве, а эфектыўны метад кадравага менеджменту.