«Радасць»: велікодны праваслаўны фестываль распачаўся ў Мінску

7 апреля 2022

На Дабравешчанне ў Мінску стартаваў велікодны форум "Радасць". Гэта традыцыйны фестываль, які напярэдадні Уваскрэсення Хрыстовага ў сталіцы ладзіць Свята-Елісавецінскі манастыр. Духоўны праект міжнародны. Сёлета ён сабраў ў беларускай сталіцы прадстаўнікоў дзясяткаў краін, якія прадэманструюць на форуме свой духоўны каларыт. 

Наталля Бардзілоўская пабывала на адкрыцці форуму.

Духоўныя паломніцтвы - не выязджаючы з Мінска! На велікодным фестывалі "Радасць" прадстаўніцтвы храмаў, прыходаў, манастыроў Беларусі, Расіі, Украіны, Босніі і Герцагавіны, Палесціны, Сербіі, Сірыі і іншых краін. І кожны іх куточак тут - не проста збор матэрыяльных рэчаў ці рэлігійнай атрыбутыкі, але міні-краіна, у якой з задавальненнем правядуць экскурс па гісторыі праваслаўя.

Фестывальная экспазіцыя сведчыць: праваслаўныя жывуць па ўсім зямным шары. 

І, здавалася б, адна канфесія, але нацыянальныя рэгіянальныя асаблівасці ёсць, і менавіта па гэтых стэндах пра іх можна даведацца. Напрыклад, на форум у Мінск прыехаў госць з Сірыі. Сакральным для хрысціянаў месцам на гэтых арабскіх тэрыторыях з'яўляецца манастыр чацвёртага стагоддзя, які носіць імя Святой Фёклы. Яна першая з паслядоўніц хрысціянства, сучасніца самога апостала Паўла. Славутасці цяперашняга сірыйскага манастыра - грабніца самой велікамучаніцы і жывая арамейская мова, мова Хрыста. Яна гучыць на набажэнствах да сённяшняга дня.

Кнігі і царкоўныя прылады, упрыгажэнні і сувеніры, вопратка і бытавыя рэчы для праваслаўнага чалавека, іконы...  Упершыню ў Мінску абразы з чалябінскай майстэрні "Тварэнне". Яе кіраўнік пераадолела адлегласць амаль у тры тысячы кіламетраў, каб паказаць беларусам творы ювелірнага іканапісу з уральскіх самацветаў.

Гэта экспазіцыя Дзерманскага Свята-Троіцкага манастыра з украінскага Роўна. Ён існуе з 15 стагоддзя, знакаміты выданнем першай у гісторыі Астрожскай праваслаўнай Бібліі. 

Ва ўсе прыходы і манастыры, якія прадстаўлены на фестывалі, можна пакінуць на аркушы просьбы па любых патрэбах. Можна паслухаць музыку і паглядзець фільм, пачаставацца гарбатай і велікапоснымі стравамі, задаць пытанне святару - у праграме цыкл сустрэч з бацюшкамі на самыя розныя тэмы. Ад сталага чалавека да маленькага - кожнаму наведвальніку фестываль прапануе сваю велікодную радасць. 

Палац мастацтваў. Лакацыю фестываль "Радасць" не мяняе шмат гадоў. Штодня з 7 па 17 красавіка па адрасе вуліца Казлова, 3 мінчан і гасцей сталіцы чакае продаж-кірмаш і духоўная праграма форуму.