Прафесійная адукацыя Беларусі выходзіць на якасна новы ўзровень

14 декабря 2015

Сёння ў Мінску адбылася ўрачыстая перадача пагаднення аб фінансаванні праграмы "Занятасць, прафадукацыя і навучанне ў Беларусі", падпісанага напярэдадні паміж урадам нашай краіны і Еўрапейскім саюзам. Дакумент разлічаны на пяць гадоў з агульнай сумай фінансавання на 11,5 мільёна еўра. Чакаецца, што ў Беларусі з'явяцца адразу некалькі рэсурсавых навучальных цэнтраў, а таксама новыя спецыяльнасці.

Міхаіл Жураўкоў, Міністр адукацыі Беларусі: "Праз пяць гадоў, мы ўпэўненыя, у нас будзе яшчэ больш сучасная, цікавая сістэма прафесійнай адукацыі, якой будуць цікавіцца не толькі моладзь нашай краіны, але да нас будуць прыязджаць, навучацца і пераймаць наш вопыт з іншых краін".

Андрэа Віктарын, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі: "Гэты праект падае магчымасці для правядзення розных даследаванняў, уключаючы статыстычныя даследаванні, для таго каб зразумець, што неабходна сістэме падрыхтоўкі прафесійнай адукацыі, што неабходна кампаніям, а таксама што неабходна эканоміцы ў цэлым".

Сёння ў Беларусі працуюць больш за тры дзясяткі рэсурсавых цэнтраў па розных спецыяльнасцях - сярод краін СНД гэты кірунак мы пачалі развіваць аднымі з першых. Акрамя навучання студэнтаў, такія цэнтры вырашаюць яшчэ адну важную задачу - перападрыхтоўку спецыялістаў.