Працягваюцца камандна-штабныя вучэнні Узброеных Сіл Беларусі

16 сентября 2016

Падчас цяперашняга этапу трэніровак арганізуецца міжведамаснае ўзаемадзеянне, ствараецца групоўка сіл у інтарэсах правядзення спецаперацыі. Адзін з батальёнаў механізаванай брыгады ажыццявіў марш у новы пазіцыйны раён на палігон пад Віцебскам. Там байцы абсталявалі палявы лагер і пачалі выконваць задачы па ўзмацненні дзяржмяжы. Падраздзяленні нясуць службу на КПП, праводзяць надгляд людзей і тэхнікі.

Алег Нікалаенка, начальнік галоўнага інфармацыйна-вылічальнага цэнтра Узброеных Сіл Беларусі: "Раней у нас час разгортвання пункта ўпраўлення займала некалькі сутак, то зараз з дапамогай гэтай апаратнай - усяго некалькі гадзін. Пункты ўпраўлення тэрытарыяльна разнесеныя адзін ад аднаго, што павышае іх абароненасць".

Актыўна працуюць і тэрытарыяльныя войскі. Яны занятыя на часовых пунктах пропуску, вядуць разведвальна-пошукавыя дзеянні.