Прэзідэнт пагутарыў з працоўным калектывам Беларуськалія

28 июня 2020
Вяртаемся да шчыльнага прэзідэнцкага графіка - размова аб рэгулярных рэгіянальных паездках па ўсёй краіне, у тым ліку і нарадах з актывам.

У пачатку праграмы мы паказвалі вам фрагменты закрытай часткі такіх сустрэч у Брэсце і Салігорску. І калі без прысутнасці журналістаў больш гавораць аб глабальных рэчах, дык вось у даступнай пратакольнай частцы ў першую чаргу, кропкава - аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна.

Лагічна, у Салігорску на днях абмяркоўвалі, што чакае далей Мінскую вобласць. Гэта такі маркер працы для ўсіх - ад губернатара да кіраўніка нават невялікага прадпрыемства. Тым больш наперадзе  новыя пяць гадоў развіцця.

І, як паказвае жыццё, чакае вялізная барацьба за рынкі - нават калійнага гіганта. Сёлета з-за пандэміі сусветная вытворчасць удабрэнняў панізілася, але да канца года Беларуськалій плануе нагнаць прапушчанае. Зрэшты, наганяць прыйдзецца ўсёй краіне. 

У горадзе шахцёраў Прэзідэнт пагутарыў і з працоўным калектывам Беларуськалія. Гарнякі выкарысталі момант, вядома, спыталіся пра тое, што ім бліжэй за ўсё: пра лёс прадпрыемства і як будзе добраўпарадкоўвацца і развівацца гэты важны для краіны рэгіён. Зрэшты, пытанні гучалі рознапланавыя: ад стабільнасці ў дзяржаве да пандэміі.