Прэзідэнт адкрыў мемарыял на месцы спаленай вёскі Ола

21 июня 2020
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага комплексу "Ола", які размешчаны на месцы аднайменнай вёскі, спаленай нацыстамі ў гады вайны.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што год 75-годдзя Вялікай Перамогі стаў годам звароту да памяці аб трагічным лёсе беларускага народа. Лёс вёскі Ола - адно са сведчанняў беспрэцэдэнтнай жорсткасці нацыстаў: карнікі заганялі людзей у хаты, якія затым падпальвалі. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі з кулямётаў і аўтаматаў, кідалі ў агонь жывымі. Такім чынам было расстраляна і спалена 1 758 мірных жыхароў, у тым ліку 950 дзяцей. Пасля вайны вёска Ола не адрадзілася. У савецкі час быў усталяваны помнік - скульптура салдата з вянком, які стаіць на каленях. Зараз у выніку рэканструкцыі брацкага пахавання створаны мемарыяльны комплекс.

Прэзідэнт адкрыў маршрут электрацягніка Светлагорск - Жлобін - Мінск


Нагадаем, што Прэзідэнт сёння знаходзіцца з рабочай паездкай у Гомельскай вобласці. У гэтыя хвіліны Аляксандр Лукашэнка ў Светлагорску, дзе прыняў удзел у адкрыцці новага чыгуначнага маршруту. З сённяшняга дня электрацягнік бізнес-класа звяжа райцэнтр са сталіцай. Зараз дабрацца да Мінска можна на гадзіну хутчэй. Састаў можа перавозіць больш за  300 пасажыраў. Ёсць усе магчымасці для перавозкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Рэйсавыя цягнікі будуць рабіць прыпынкі на станцыях Жлобін, Бабруйск, Асіповічы-1 і Пухавічы.

Новыя тэхналогіі Беларускай чыгункі


Аляксандр Захарэвіч, начальнік пасажырскай службы ўпраўлення Беларускай чыгункі: "Гэта зусім новая якасць паслугі. Па-першае,  гэта сучасны рухомы састаў. Ёсць усе сістэмы жыццезабеспячэння, клімат-устаноўкі. Тут ёсць магчымасць у чалавека падключыцца да інтэрнэту па тэхналогіі Wi-Fi. Гэта значыць бавіць час, як гэта любіць асабліва маладое пакаленне зараз. Ну і, натуральна, гэта і зусім іншая форма абслугоўвання ў цягніку".


Гэта экалагічны від чыгуначнага транспарту, які дазваляе скарачаць выдаткі на дызельнае паліва. Зараз агульная працягласць электрыфікаваных чыгунак у краіне складае  1 228 кіламетраў. Усе астатнія падрабязнасці рабочай паездкі Кіраўніка дзяржавы ў нашых наступных выпусках.