Прэзентавалі новую кнігу пра гісторыю беларускай кухні

29 апреля 2014
Чыпсы і фастфуд прыдумалі беларусы. І яшчэ шмат страў, якія зараз мы адносім да нацыянальнай кухні суседніх краін. Напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі і кулінары працуюць для турыстаў, вынік - выданне новай кнігі пра гісторыю беларускай кухні. Прэзентацыя прайшла не толькі на словах - некаторыя стравы гатавалі адразу на месцы для гасцей мерапрыемства.

Пачаставацца нацыянальнай кухняй паспела і наш карэспандэнт Юлія Лосікава.

Суп з піва, шакалад у якасці лекаў і алкагольныя напоі, якія сучасная гісторыя ператварыла ў стравы. Беларуская кухня толькі на першы погляд здаецца простай. Але гісторык і кулінар Алена Мікульчык у практычнай манаграфіі вывела галоўны рэцэпт - на разнастайнасць сучасных страў уплывалі гістарычныя падзеі.

На разнастайнасць беларускай кухні паўплывала таксама і геаграфічнае становішча. Праваслаўны ўсход, каталіцкі захад, поўнач з прыбалтыйскай культурай і поўдзень з мусульманскай. Як вынік - гэты культурны кактэйль мы зараз можам убачыць на нашым стале ў самых простых стравах.

Пакрокавыя рэцэпты Алены Мікульчык зразумеюць нават тыя, хто прывык да фастфуду і баіцца словазлучэння дражджавое цеста. У склад увайшло 40 рэцэптаў. Супы, гарачыя і салодкія стравы, напоі. З аднаго боку, руская версія, з другога - перакладзеная на англійскую. Кожная страва праілюстраваная, і ў кожнай ёсць свая асаблівая гісторыя.

Прэзентацыя прайшла з апетытам. Топавыя шэф-повары, якіх запрасіла аўтар, у двары Нацыянальнага гістарычнага музея праводзілі майстар-класы: гатавалі кісель, салодкія стравы, частавалі гасцей і расказвалі свае кулінарныя байкі.

Стравы, якія дайшлі да нас з часоў паганства, і кулінарная рэвалюцыя XIX стагоддзя. З кнігі можна даведацца, што з'яўлялася галоўным далікатэсам, пакуль да нас не трапіла бульба.