Прадстаўнікі 14 краін прынялі ўдзел у II Беларуска-Афрыканскім эканамічным форуме

31 мая 2021

Беларусь захоўвае шматвектарную палітыку, а цікавасць да нашай эканомікі расце. Гэта пацвярджае і сённяшні дыялог беларуска-афрыканскіх партнёраў на эканамічным форуме. Удзел у маштабным мерапрыемстве прынялі каля 175 нашых кампаній і прадстаўнікі 14 афрыканскіх краін. Падстаў для сустрэчы сапраўды шмат. Сярод асноўных развіццё экспартнага патэнцыялу, пошук новых пунктаў росту, умацаванне двухбаковых кантактаў. Цэнтральнай падзеяй форуму стала падпісанне пагаднення паміж гандлёва-прамысловымі палатамі Беларусі і ПАР. Гэты дакумент дае зялёнае святло для рэалізацыі шматлікіх праектаў. Дарэчы, наша прадукцыя займае трывалую нішу на рынках шматлікіх афрыканскіх краін. Амаль палова дзяржаў паўднёвага кантынента добра знаёмая з нашымі таварамі ад харчавання да машынабудавання.

У. Макей: Беларусь з'яўляецца надзейным і прадказальным палітычным і эканамічным партнёрам

Аб тым, што Беларусь з'яўляецца надзейным і прадказальным палітычным і эканамічным партнёрам, гаварылі сёння і ў МЗС. Сустрэчу з афрыканскімі партнёрамі правёў Уладзімір Макей. Міністр пацвердзіў, што супрацоўніцтва з афрыканскімі краінамі з'яўляецца важным складальнікам шматвектарнага спектру знешняй палітыкі Беларусі. Апроч узаемавыгадных эканамічных праектаў, перспектыўнай сферай можа стаць перадача тэхналогій і аказанне інжынірынгавых паслуг, а таксама далейшае пашырэнне ўзаемадзеяння ў сферы адукацыі. "Афрыканскім партнёрам таксама можа быць цікавы беларускі вопыт у гарантаванні харчовай бяспекі", - адзначыў Уладзімір Макей.