Прадпрыемства "Слуцкія паясы" працягвае ўдасканальваць старажытныя традыцыі ткацкіх мануфактур

28 февраля 2023

Старадаўні і адвечна малады Слуцк афіцыйна ўступіў у правы культурнай сталіцы Беларусі. Горад з багатай гісторыяй і славутымі  брэндамі ўвесь год будзе здзіўляць цікавымі праектамі.

Ганаровы статус райцэнтра - дадатковая нагода наведаць яго з экскурсіяй. Адзін з  важных і турыстычна прывабных аб'ектаў - прадпрыемства "Слуцкія паясы". Тут працягваюць удасканальваць старажытныя традыцыі ткацкіх мануфактур.

Пра загадкі тэкстыльнага брэнда і пра сучасную лінейку прадукцыі   - наш карэспандэнт  Наталля Бардзілоўская.  

З экскурсаводам Музея слуцкіх паясоў мы стаім на "намоленым" месцы. Менавіта тут, на лакацыі цяперашніх экспазіцый, знаходзілася першая і самая знакамітая беларуская майстэрня ў гісторыі слуцкага брэнда. Мясцовая "персіярня" (назва ад вытокаў традыцыі - з Персіі) праіснавала да сярэдзіны XIX стагоддзя, а потым пераўтварылася ў арцель - папярэднік сённяшняй фабрыкі. Самая буйная прамысловая вытворчасць прадметаў мастацкіх промыслаў сучаснай Беларусі - прадпрыемства падтрымлівае векавую традыцыю. Цяпер тут увасабляюць слуцкія паясы. 17 відаў максімальна дакладных копій арыгіналаў, якія стваралі нашы таленавітыя продкі. Узораў сапраўднага старажытнага слуцкага пояса ў тутэйшым музеі няма.  Затое ёсць вітрыны з якаснымі імітацыямі і інтрыгуючыя дакладнасці пра першыя кросны, пра ткачоў. Імі былі выключна мужчыны, а рамяство прыносіла вельмі добры заробак. 

Сучасная тэкстыльная вытворчасць Слуцка не давярае забабонам: творы мастацтва з воўны, лёну і каштоўных нітак тут ствараюць менавіта жанчыны. Самы рарытэтны цэх прадпрыемства - два драўляныя станкі накшталт бабульчыных плюс "малютка" для пачаткоўцаў.  Кросны ў выдатным працоўным стане. Іх гаспадыня - Ганна Віктараўна Няронская.

Гэта толькі здаецца, што рукі снуюць. Насамрэч для сугучнай працы далоней з чаўнаком і ног  на панажах патрабуецца немалы спрыт. А для "паганялкі" - самай важнай дэталі руху - неабходны моцны націск. Не ўкладзеш сілу, перапраўляй ніткі нанова. Упэўніцца  майстрыха дала практычную магчымасць і нам.

На гэтых станках слуцкія паясы не ткуць. Вырабляюць ручнікі, сурвэткі, абрусы. Цяжкая ручная праца дае перавагу: майстрыха сама можа прыдумваць арнамент, фантазіраваць з колерамі нітак. Што не зробіш на механізаваным  ці лічбавым станку.  Адзіны ў свеце, створаны пад заказ нашай дзяржавай, унікальны лічбавы станок "Магеба" - галоўная вартасць і гонар прадпрыемства "Слуцкія паясы" і ўсёй прамысловай Беларусі.

На звышсучасным агрэгаце вырабляюць цяперашнія слуцкія паясы. Мы прыехалі на здымкі як раз у той момант, калі тут укаранялі навінку - выраб міні-дываноў для кампьютарнай мышы. Дываноў з арнаментам слуцкага пояса.

Пакуль эксперыментальны экзэмпляр. Пасля запусцяць усю новую лінейку вырабаў для мужчын. Гальштукі, бабачкі для кашуль, арганайзеры і папкі для дакументаў а-ля слуцкі пояс для аматараў айчыннай гісторыі і сапраўдных эстэтаў. Яшчэ адна серыя "з новых" - "абярэгі".

Новы статус Слуцка як культурнай сталіцы - матывацыя і натхненне і  для прадпрыемства  "Слуцкія паясы". Тут ужо распрацоўваюць канцэпцыю прамысловага турызму. Такім чынам, у найбліжэйшы час усю патаемнасць тэкстыльнай вытворчасці - старадаўняй і сучаснай - гараджане і госці горада змогуць убачыць.