Святочнае шэсце Дзедаў Марозаў прайшло ў Віцебску

23 декабря 2015

Свята ўжо прыйшло ў паўночны рэгіён Беларусі. Сёння ў Віцебску навагодняе заклінанне - "ёлачка, гары!" - адначасова вымавілі 500 Дзедаў Марозаў. Тут сабраліся і тысячы гараджан. Казачныя персанажы парадам прайшлі па галоўнай вуліцы абласнога цэнтра. Святочнае шэсце ўзначальвала конная тройка, што сімвалізавала тры зімовыя месяцы, а таксама павозка з малпай - гаспадыняй будучага года. Пад ёлкай быў наладжаны сапраўдны карнавал. Весялосці і добраму настрою не перашкодзіў нават дождж. Галоўную ёлку Віцебскай вобласці ўстанавілі на плошчы Перамогі - самай вялікай, дарэчы, у Беларусі. Упрыгожана дрэва сям'ю тысячамі лямпачак, некалькімі дзясяткамі святлодыёдных гірлянд, сняжынкамі і шарамі. Навагоднія праграмы, дыскатэкі і канцэрты пад ёлкай, а таксама на іншых пляцоўках горада будуць праходзіць аж да 14 студзеня.