Практычна кожныя паўгадзіны ў Мінск прыбываюць спартсмены, журналісты і балельшчыкі

20 июня 2019

Работнікі аэрапорта працуюць сёння ў рэжыме нон-стоп. Практычна кожныя паўгадзіны ў Мінск прыбываюць спартсмены, журналісты і балельшчыкі. Праца пабудаваная так, каб пасля выхаду з самалёта госці як мага хутчэй дабраліся да гасцініц і паспелі выспацца, патрэніравацца, пазнаёміцца з краінай. Увесь дзень у аэрапорце дзяжурыць наша здымачная група.

Ужо больш як 12 гадзін тут, у Нацыянальным аэрапорце, мы сустракаем спартсменаў з усяго свету. У гэтыя дні ўсе дарогі сапраўды вядуць у Мінск. І з кожнай гадзінай ахвочых трапіць з пункта А ў пункт… М становіцца ўсё больш. Італія, Францыя, Германія, Балгарыя, Македонія, Грэцыя... Пералічваць можна доўга! Адзін за адным на беларускай зямлі прызямляецца самалёт з удзельнікамі II Еўрапейскіх гульняў на борце. І калі верыць табло, такі марафон сустрэч завершыцца сёння ў 23:35. Прадстаўнік Грэцыі па самба і дзюдо будзе ляцець з Шарамеццева.

З Масквы чакаем і чарговы самалёт. Ужо на працягу паўгадзіны прызямліцца авіялайнер са спартсменамі і прадстаўнікамі Алімпійскага камітэта. Адзначым, да Гульняў расійская дэлегацыі падрыхтавалася сапраўды дасканала. Некалькі гадзін таму мы сталі сведкамі, як групе спартсменаў давялося загружаць чамаданы, спартыўны інвентар (веласіпеды, лук і стрэлы) у асобны спецтранспарт. Месца ў грузавым адсеку не хапіла. А вось на якія месцы разлічваюць атлеты? Я папрашу рэжысёра ўключыць частку інтэрв'ю (відэа). 

У Беларусь ужо прыбылі звыш 4 тысяч гасцей. Зрэшты, даныя гэтага дня абновяцца заўтра ў 8 раніцы. Дададзім, мы працягваем працаваць у медыяцэнтры паветранай гавані, і менш гасцей не становіцца. Тут яны атрымліваюць акрэдытацыю. Дарэчы, толькі сёння нам атрымалася запісаць і пазнаёміцца са шматлікімі замежнымі калегамі. Выснова адна - цікавасць да Гульняў вялікая. Прапаноўваю паслухаць інтэрв'ю з рэпарцёрам са Славеніі.

"Першы раз у Беларусі, ведаю шмат вашых спартсменаў: хакеісты, футбалісты. Напрыклад, Аляксандр Глеб. Мяркую, пасля Еўрагульняў даведаюся яшчэ больш імёнаў. У першую чаргу я тут, каб асвятляць поспехі сваёй каманды, а потым ужо паглядзець краіну! Але вельмі хачу паспытаць стравы вашай кухні!"

А мне застаецца дадаць: сардэчна запрашаем у Беларусь! Гэтая фраза будзе актуальная на працягу ўсіх Гульняў. Шматлікія спартсмены будуць прыбываць толькі да спаборніцкіх дзён. А ў мяне на сёння ўсё.