Повары ў беларускіх школах ужо падрыхтавалі меню для новага навучальнага года

26 августа 2013
Шашлык, некалькі дзясяткаў салатаў па беларускай рэцэптуры. Ці такімі смачнымі акажуцца стравы насамрэч, прадэгуставала Улада Карніцкая.

Аўторак - малочны дзень, чацвер - рыбны. У буфетах звычайна не менш за чатыры віды салатаў і два дэсерты. Усё гэта літаральна праз тыдзень з'явіцца ў сталічнай школе № 59. А вось на чыпсы, сухарыкі, газіроўку ў школе строгая забарона.


Меню для школьнікаў складаецца на два навучальныя тыдні. Ні адна страва не паўтараецца. Дарэчы, загадзя тут нічога не гатуюць. Усё, што знялі з пліты ў 12 гадзін, падчас абеду павінна быць ужо з'едзенае.


Здаровае харчаванне - гэта галоўны акцэнт пры складанні меню. Менавіта таму тут з'явілася параканвекцыйная печ. Яна працуе ў трох рэжымах. Але самы галоўны, бадай, - гэта прыгатаванне ежы на пары. Менавіта дзякуючы гэтай функцыі прадукты захоўваюць сваю сакавітасць і вітаміны.


Штогод у Беларусі распрацоўваецца крыху больш за сто відаў страў. Тэхнолагі камбіната школьнага харчавання пры складанні меню ўлічваюць усё: колькі бялкоў, тлушчаў і вугляводаў атрымлівае школьнік падчас снедання і абеду. Ёсць спецыяльныя нормы, дзе прапісана, колькі за дзень трэба дзіцяці з'есці мяса, гародніны, круп.


Ірына Новікава, дырэктар УП Камбінат школьнага харчавання Фрунзенскага раёна г. Мінска: Мы прапану+ем навучэнцам 5-11 класаў праявіць самастойнасць і выбраць з трох варыянтаў тое, што яны лічаць патрэбным. Пры гэтым усе тры варыянты складзеныя з правільным падборам прадуктаў, яны не паўтараюцца.


У Беларусі амаль 15 працэнтаў вучняў атрымліваюць бясплатнае харчаванне. Толькі ў мінскіх школах абсталяваная амаль сотня кафэ, фіта- і малочных бараў. А ў гэтым навучальным годзе ў многіх школах з'явяцца яшчэ і дні нацыянальнай кухні, вітамінавыя і нават чайныя перапынкі.