Апошні званок празвінеў для беларускіх выпускнікоў

30 мая 2015

140 тысяч учарашніх школьнікаў сёлета ўступяць у дарослае, самастойнае жыццё. А пакуль віншаванні, кветкі, вальс, словы падзякі настаўнікам і пажаданні вучням. Першым выпрабаваннем стануць выпускныя іспыты. Ужо ў панядзелак. Але сёння гэта іх дзень. Радасны і сумны адначасова…

Расказвае Кацярына Шыбко: Яны так доўга марылі пасталець, а зараз, прызнаюцца браты Драздовы, нават не вераць, што ўчора прайшлі іх апошнія ўрокі ў любімай гімназіі. Менавіта тут, жартуюць хлопцы, ім давялося палюбіць замежныя мовы - 6 гадзін на тыдзень тут вывучаюць на выбар нямецкую і англійскую. Таму з будучай прафесіяй вызначыліся ўжо даўно.

І цяжка паверыць, што 11 гадоў таму яны былі вось такімі непасрэднымі і сарамлівымі - першакласнікі па традыцыі рыхтуюць выпускнікам сваё віншаванне. Але, мабыць, самыя кранальныя словы гучаць, вядома, ад педагогаў. З цяжкасцю стрымліваючы слёзы, яны адпускаюць тых, каго ўсе гэтыя гады вучылі быць самастойнымі. Сваё пажаданне выпускнікам сёння выказаў і Міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў. Ён наведаў 2-ю сталічную гімназію.

На ўрачыстай лінейцы разам са школьнікамі іх самыя блізкія. Для бацькоў свята развітання са школай - асаблівае. Яны ўспамінаюць свой апошні званок і здзіўляюцца, як незвычайна хутка ляціць час. Спявак Аляксей Хлястоў у гэты дзень прыйшоў падтрымаць сваіх сяброў, бо праз два гады яго сын таксама зможа прымерыць стужку выпускніка.

Пра самыя яркія падзеі школьнага жыцця сёння ўспамінаюць і гэтыя маладыя людзі. На памяць сумеснае селфі, якое, абяцаюць выпускнікі 3-га Магілёўскага абласнога ліцэя, абавязкова трапіць у архіў іх альма-матар.

Апошні званок самі выпускнікі называюць пунктам адліку сваіх поспехаў і перамог ужо ў сталым, самастойным жыцці. Сёння гэта іх дзень - радасны і сумны адначасова, бо з сімвалічным званком яны развітваюцца не проста з любімай школай, з лепшым часам бестурботнага дзяцінства.

Усяго сёлета школу заканчваюць больш за 140 тысяч вучняў - гэта выпускнікі 9-х і 11-х класаў. Кожнага з іх наперадзе яшчэ чакаюць выпрабаванні. Ужо ў панядзелак многія юнакі і дзяўчаты сядуць за парты. Школьнікі, якія сёлета заканчваюць 9-ы класс, будуць здаваць толькі тры экзамены - матэматыку, рускую і беларускую мовы. Гісторыю Беларусі перанеслі ў экзаменацыйны ліст 11-класнікам. Зараз у іх 4 іспыты - плюс яшчэ матэматыка, замежная мова, а таксама руская альбо беларуская на выбар.