Новы навучальны год 2017-2018 чакае шэраг навацый

24 мая 2017

Паводле санітарных нормаў і правілаў, аптымальны час пачатку заняткаў у школе - 9 раніцы. Па такім графіку ўжо працуе трэць навучальных устаноў Беларусі. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі паведамілі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі нашай краіны. У найбліжэйшы час пытанне аб часе пачатку школьных заняткаў разгледзяць комплексна на калегіі з Міністэрствам аховы здароўя. 

Апошні званок - 30 мая - празвініць для 144 тысяч выпускнікоў. Са школьнай лаўкай развітаюцца больш за 57 тысяч 11-класнікаў і 87 тысяч 9-класнікаў. Выпускныя іспыты пачнуцца з першага чэрвеня. Завершыцца школьная пара, паводле традыцыі, уручэннем атэстатаў і ўрачыстымі вечарамі, якія запланаваныя ў школах і гімназіях на 9 і 10 чэрвеня. Ужо з 12-га пачнецца ўступная кампанія ў ВНУ і першае ЦТ - па беларускай мове.

Новы навучальны год 2017-2018 чакае шэраг навацый. Так у праграме 7-га класа будуць скарочаныя ўрокі хіміі да адной гадзіны на тыдзень, вывучэнне матэматыкі ў школах і гімназіях зраўняецца да 5 гадзін, пры гэтым аб'ем матэрыялу не павялічыцца. Ужо ў ліпені ва ўстановы адукацыі пачнуць паступаць новыя падручнікі.