Пасля другога заезду ў "Танкавым біятлоне" зборная Беларусі на другім месцы

5 августа 2019

22 хвіліны і 100 % пападанне ў цэль. Па выніках другога заезду індывідуальнай гонкі конкурсу "Танкавы біятлон" каманда Беларусі на другім месцы. Сёння на палігоне Алабіна, у Расіі, нашы танкісты спаборнічалі з экіпажамі з Кітая, Сербіі і Азербайджана. Задача: за мінімальны час паразіць тры ўмоўныя мішэні - гэта танк, верталёт і агнявы пункт гранатамётчыкаў. Каманда Беларусі выступала па трэцяй дарожцы на чырвоным танку. Экіпаж дапусціў усяго адну памылку - пры праходжанні перашкоды "Змейка" збілі слуп. З-за гэтага атрымалі хвіліну штрафнога часу. У выніку ўступілі камандзе Кітая і занялі другое месца.

Летась у "Танкавым біятлоне” беларусы заваявалі бронзу. Гэты раз прыехалі ўзяць рэванш. Наперадзе яшчэ адна індывідуальная гонка, Яна адбудзецца 7 жніўня. У паўфінал пройдуць 8 каманд, якія паказалі лепшы час. Яны і будуць змагацца за выхад у фінал "Танкавага біятлона".