Полацкаму педагагічнаму каледжу - 140 гадоў

14 апреля 2013

Першыя выпускнікі вучылі грамаце дзяцей яшчэ ў царскай Расіі, не спыняла сваю працу кузня настаўніцкіх кадраў і падчас другой сусветнай. І вось сёння, у тых, хто заканчвае  гэтую ўстанову, ёсць шанец пабудаваць кар'еру ў любой краіне свету. Больш за тое, і ў сам каледж па дыплом міжнароднага ўзору едуць з розных пунктаў планеты. Алена Панцюхова прадоўжыць.


Аднакурсніцы сабраліся ў альма-матар праз  50 гадоў і перш за ўсё зацягнулі ўпадабаную песню. Яны спявалі яе і на бульбе, і ў інтэрнаце, і на рэпетыцыях вакальнай групы, якой  кіраваў аўтар знакамітых Ручнікоў   Мікалай Макаравіч Пятрэнка. З таго часу  прайшло паўстагоддзя, але на сустрэчу выпускнікоў па клічы актывісткі Верачкі  яны зляцеліся з розных гарадоў і краін. 


Полацкая настаўніцкая семінарыя  была адкрыта ў 1872 годзе. З таго самага часу  тут і  рыхтуюць настаўнікаў. Нават падчас вайны вучылішча  працягвала працаваць - навучанне праходзіла ў келлях Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.  Рыхтуючыся да юбілею, супрацоўнікі каледжа паспрабавалі падлічыць, колькі ж усяго педагогаў было падрыхтавана ў гэтых сценах. Атрымалася  больш чым 36 тысяч.


Вельмі многія  выпускнікі ў дзень нараджэння альма-матар  прыехалі ў Полацк, дзе прайшло іх юнацтва і дзе жывуць самыя светлыя ўспаміны. 


У 2005 годзе Полацкі педагагічны каледж стаў структурным падраздзяленнем Віцебскага дзяржуніверсітэта. Разам з новай шыльдай з'явіліся і новыя магчымасці - удзел у міжнародных праектах і трэнінгах, адкрыццё новых спецыяльнасцяў, сертыфікацыя па міжнародных стандартах.


Каб прыехаць сюды з Туркменістана,  ім прыйшлося вытрымаць сур'ёзныя іспыты на радзіме, праехаць больш чым 5 тысяч кіламетраў і пераадолець 4 дзяржаўныя мяжы. Але яны ні разу не пашкадавалі, што прыехалі вучыцца ў старажытны Полацк.


А тым часам, на сайт полацкага каледжа прыйшоў  ліст з Нігерыі з просьбай прыняць  навучэнцаў.  Так што не выключана, што ў новым навучальным годзе ў гэтую дружную інтэрнацыянальную сям'ю прымуць і гасцей з афрыканскага кантынента.