Пад асаблівым кантролем ДАІ ў гэтыя дні тэрыторыі ля школ

13 ноября 2018

Штодзень інспектары нясуць варту ля пешаходных пераходаў. Асаблівую ўвагу надаюць правілам перавозкі школьнікаў і высадкі іх з аўто паблізу ўстаноў адукацыі. Правядуць і шэраг мерапрыемстваў на тэму прафілактыкі ДТЗ з удзелам дзяцей. Падрабязней - Марына Мураўёва.

На гадзінніку палова на восьмую раніцы. Гэты пешаходны пераход па вуліцы Налібоцкай, бадай, самы ажыўлены ў Каменнай Горцы. Па ім штодзень дзеці бягуць у школу ці ў паліклініку. Сёння за іх бяспекай сочыць інспектар ДПС.
Такі кантроль за маленькімі пешаходамі паблізу школ супрацоўнікі ДАІ заўсёды праводзяць у першыя дні пасля восеньскіх канікул. Светлавы дзень – кароткі. Дарога ў школу і дадому часцей за ўсё ў прыцемках. Таму правілы бяспечных паводзін на дарозе актуальныя як для вадзіцеляў, так і для пешаходаў. Праводзім невялікі іспыт для школьнікаў.
Амаль усе пераходы рэгулююцца святлафорамі. Зялёнае святло запальваецца па патрабаванні дзякуючы спецыяльным прыладам. Дадатковыя меры бяспекі – флікеры – таксама неабходнасць. Іх наяўнасць таксама правяраюць дарожныя міліцыянеры. 
Асаблівая ўвага ДАІ і бяспечнай перавозцы дзяцей. Наяўнасць утрымліваючых крэслаў – абавязковая ўмова. Бацькі-вадзіцелі гэтае правіла выконваюць, што паказаў наш сённяшні рэйд. 
Для зручнасці высадкі дзяцей каля сталічных школ з'яўляюцца і спецыяльныя зоны. Дадатковыя канструкцыі дазваляюць школьнікам бяспечна выйсці з машыны і не замінаць руху астатнім аўто.