Пад Мінскам адкрылі новы Рэспубліканскі спартыўна-тэхнічны комплекс ДТСААФ

24 сентября 2020
Аўтадром паспрыяе развіццю аўтаспорту ў Беларусі, а таксама павышэнню майстэрства вадзіцеляў. Зараз ідзе падрыхтоўка да першага гоначнага сезона. Ілья Цвяткоў выпрабаваў новую дыстанцыю.

Расказвае Ілья Цвяткоў.

Новы комплекс для картынгу і мотаспорту

Да высокіх хуткасцяў на стромкіх паваротах Ягор Касько прывык з дзяцінства. З майстэрствам кіравання гоначнай машынай яго пазнаёміў тата - завёў на картынг у Мінску. Паступова дзіцячае захапленне ператварылася ў сур'ёзнае хобі. У сталічным картынг-клубе Ягор удасканальвае сваё майстэрства ўжо чатыры гады.

Ягор Касько, картынгіст: "Самае складанае - гэта ўтрымаць карт, асабліва на хуткасці, калі ёсць пясок або пыл, ён сыходзіць  у занос. Таму машынку трэба адчуваць. У першы год у мяне наогул не было вынікаў, а потым заваяваў чатыры Кубкі Беларусі і вось нядаўна трэцяе месца заняў на спаборніцтвах".

Раней паляпшаць свае навыкі прыходзілася на невялікай пляцоўцы ў горадзе. А зараз на новым аўтадроме ў Стайках магчымасцяў у разы больш, для юных гоншчыкаў тут свежы і ідэальна роўны асфальт, трэніровачная зона і вялікая картынг-траса.

Новая пляцоўка абсталяваная не толькі трэкамі для картынгу, але і гоначнымі трасамі для мотакросу і мотабола. На іх байкеры - прафесіяналы і пачаткоўцы - змогуць адпрацаваць самыя складаныя элементы мотаакрабатыкі.

Ёсць на аўтадроме і трасы для поўнаразмерных аўто. Трэк для драг-рэйсінгу заняты цэлы дзень. Сюды прыязджаюць на сваіх спорткарах і ставяць рэкорды хуткасці праходжання дыстанцыі.

Антон Шэндзераў, пілот чэмпіянату Беларусі па дрыфце: "Гэта вельмі моцна адрозніваецца ад звычайнага кіравання. Тут ты кіруеш аўтамабілем на мяжы яго счаплення з дарогай, і яшчэ трэба трапляць у зададзеныя траекторыі. Траса для гэтага цудоўная, магу яе толькі з найлепшага боку ахарактарызаваць".

Калі няма ўпэўненасці ў сваіх сілах, перад паходам на сапраўдны аўтадром можна праверыць сябе ў спецыяльным кіберкласе. Пачуцці і эмоцыі вельмі рэалістычныя.

Тут будуць навучацца ахвотнікі атрымаць правы, а аўтааматары змогуць паляпшаць сваё майстэрства. На курсы дадатковай падрыхтоўкі на базе комплексу ўжо ідзе запіс.

Іван Дырман, старшыня цэнтральнага савета ДТСААФ: "Мы арганізавалі дзве пляцоўкі паўнавартасныя з  неабходным абсталяваннем, на якіх мы зможам рыхтаваць вадзіцеляў трох катэгорый: А, В і С. Мы будзем выпускаць вадзіцеляў легкавога транспарту, грузавікоў. Аўтамабілі сучасныя, майстры лепшыя".

Комплекс будзе спрыяць развіццю аўтаспорту ў Беларусі, а таксама павышэнню майстэрства вадзіцеляў. Зараз ідзе падрыхтоўка да першага гоначнага сезона. А ўжо ў гэтыя выхадныя пляцоўка прыме чэмпіянат Беларусі па картынгу і мотаболе.