Пераможцам інтэлектуальнага шоу "Я ведаю!" уручылі суперпрызы

26 августа 2019
Падарункі за веды. Напярэдадні 1 верасня пераможцам інтэлектуальнага шоу "Я ведаю!" уручылі іх суперпрызы. Трыумфатары сумеснага праекта Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі выйгралі інтэрактыўныя панэлі для сваіх навучальных устаноў. Адразу дзве разумныя сістэмы адправіліся ў Чэрвень. З пераможцамі другога сезона тэлевізійнай бітвы інтэлектуалаў  сустрэлася Наталля Кузьміцкая. 

Незвычайная экспрэс-дастаўка прыехала сёння з Мінска ў Чэрвень. Спецыяльная пасылка  прама з Белтэлерадыёкампаніі. Атрымальнік - Паша Барбук. Пераможца другога сезона тэлевізійнага шоу "Я ведаю!".

Адбор, а потым і ўсе туры інтэлектуальнай тэлебітвы школьнік прайшоў у лідарах турнірнай табліцы. 

Хуткія і дакладныя адказы і ў суперфінале прывялі 8-класніка да перамогі. Акрамя персанальных прызоў за талент і эрудыцыю, акурат да 1 верасня і новая інтэрактыўная панэль - падарунак роднай школе. 

Мастацтва, гісторыя, прыкладныя навукі - здаецца, няма той  галіны ведаў, у якой яна не разбіраецца. Ужо 11-класніца  Насця Дзегцярова  сапраўдны эрудыт.  Дарэчы, як і Паша,  частая ўдзельніца інтэлектуальных турніраў і квізаў. 

Зусім хутка школьнікі  з усіх куткоў рэспублікі зноў змогуць паспрабаваць свае сілы ў шоу-віктарыне для ўсёй сям'і. У новым сезоне "Я ведаю!" юных эрудытаў чакаюць яшчэ больш займальныя пытанні і крэатыўныя заданні.