Па традыцыі ў Дзень маці шматдзетным матулям уручаюць дзяржаўныя ўзнагароды

14 октября 2020

Сёння адзначаюць адно з самых цёплых і душэўных свят - Дзень маці. У гонар самых галоўных жанчын у жыцці кожнага чалавека гучаць віншаванні, ладзяцца канцэрты, праходзяць акцыі і ўрачыстыя прыёмы. Па традыцыі ў гэты дзень ўручаюць ордэны Маці. У Мінскай вобласці ўзнагароду за безумоўную любоў і клопат 24 на 7 атрымалі 38 жанчын. Яны выхоўваюць пяцярых, шасцярых і нават васьмярых дзяцей. З так званым прафесійным святам іх павіншавала і Алена Вітко. Дарэчы, і сама Алена старэйшая з пяцярых у сваіх бацькоў.

Любоў і пяшчота, клопат і дабрыня. Са словам "мама" звязаны, мабыць, самыя светлыя і цёплыя пачуцці. Сёння асаблівая нагода пра гэта расказаць. Віншаванні і словы ўдзячнасці ў Дзень маці гучаць у кожным кутку Мінскай вобласці. Дарэчы, па традыцыі жанчынам, якія падарылі новае жыццё пяць і больш разоў, уручаюць дзяржаўныя ўзнагароды.

Ордэн маці сёння атрымалі 38 шматдзетных матуль цэнтральнага рэгіёна. У сталіцу яны прыехалі з 14 раёнаў.

Сярод узнагароджаных і Таццяна Корсак з Лагойскага раёна. Раней і падумаць не магла, што будзе шматдзетнай. А зараз 3 сыны і 2 дачкі - яе галоўнае багацце.

Дарэчы, зараз у Мінскай вобласці 19 тысяч шматдзетных сем'яў. Любоўю і клопатам там акружаны 60 тысяч дзяцей.

Святочны марафон на гэтым не завяршаецца. Найбліжэйшыя некалькі дзён мацярынству будуць прысвячаць флэшмобы, акцыі, канцэрт. А ўвогуле радаваць і шанаваць самага блізкага ў жыцці чалавека можна хоць кожны дзень.