Па факце крушэння самалёта ў Баранавічах узбуджана крымінальная справа

20 мая 2021
Следчыя завяршылі працу на месцы крушэння Як-130. Агляд працягваўся да самага вечара. Прызначаныя экспертызы, каб высветліць, якія фактары прывялі да падзення борта і гібелі пілотаў у Баранавічах. Напярэдадні пацярпеў крушэнне ваенны самалёт Лідскай штурмавой авіябазы. Яго экіпаж - маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка - да апошняга змагаліся з тэхнікай, якая дала збой, каб самалёт не ўпаў на дамы. Пікіруючую машыну ўдалося адвесці ад жылога масіву.

Вось яны - нашы сучасныя Карваты, якія разумелі: трагедыя магла быць вельмі разбуральнай, са шматлікімі ахвярамі.  Лётчыкі ўтрымлівалі самалёт да апошняга. І такі збег: памятная дата па Героі Беларусі, ваенным лётчыку Уладзіміры Карваце літаральна на днях - 23 мая. Яго подзвіг жывы ў нашых сэрцах. Авіябаза, дзе ён быў начальнікам паветрана-агнявой падрыхтоўкі, дыслакуецца ў Баранавічах.

Цэлы дзень на месцы крушэння працавала следча-аператыўная група, эксперты, вайскоўцы. Аб прычынах пакуль гаварыць рана. Тым часам у СК узбудзілі крымінальную справу.

Глыбокія спачуванні сем'ям загінуўшых лётчыкаў выказаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы даў усе неабходныя даручэнні па расследаванні катастрофы і, як і ўсе мы, чакае вынікаў. Міністру абароны даручана асабіста перадаць словы падтрымкі ад Прэзідэнта і аказаць усю неабходную дапамогу сем'ям загінуўшых. У Баранавічах адмененыя запланаваныя святочныя мерапрыемствы. Беларусы смуткуюць разам з роднымі і блізкімі лётчыкаў. Ушанаваць іх памяць можна ў храме Жонак-Міраносіц. Ход расследавання крушэння кіраўнік дзяржавы трымае на асабістым кантролі.