Плюс 14 у мінус 20

28 января 2014
Плюс 14... Роўна столькі паказвае слупок тэрмометра ў некаторых сталічных кватэрах. І гэта пры тым, што афіцыйна тэмпературная норма не павінна быць ніжэйшай за 18 градусаў. Як вынік экстрэмальнай зімоўкі - непрыемная цвіль у кватэрах і бальнічны ліст.

У праблеме разбіралася наш карэспандэнт Паліна Іванча.


У кватэры Жанны Буйніцкай цёпла апрануты нават сабака. Уся справа ў тым, што тэрмометр тут паказвае ўсяго +13 і гэта пры тым, што афіцыйная тэмпературная норма 18 градусаў. Абагрэць чатырохпакаёвыя апартаменты сваімі сіламі няпроста, тым больш што ў канцы месяца намаганні вянчае круглая сума ў жыроўцы.


Аналагічная праблема і ў суседзяў. З цвіллю сям'я Пяцігорац змагаецца ўжо амаль 5 гадоў. Ад цвілі кватэру ў сталічным доме па вуліцы Гарадзецкай не выратаваў нават еўрарамонт, хоць камунальнікі, паводле слоў жыхароў, тлумачылі з'яўленне грыбоў на сценах збоем у алгарытме ўстаноўкі пластыкавых вокнаў. Ды і стрэлка тэрмометра з пачатку абагравальнага сезона не паднімаецца вышэй за 14 градусаў.


Прычына экстрэмальнай зімоўкі, паводле версіі работнікаў ЖРЭА, перагрузка цепласістэмы. Абсталяванне, якое раней абслугоўвала, напрыклад, 100 дамоў, ва ўмовах бесперапыннай будоўлі і пашырэнні мікрараёнаў з сённяшнімі аб'ёмамі проста не спраўляецца. Зрэшты, у энергетыкаў наконт гэтага сваё меркаванне.


Яўген Панцялей, начальнік упраўлення эксплуатацыі электрастанцыі і цеплавых сетак Белэнерга: Зараз усе энергакрыніцы, цеплакрыніцы ажыццяўляюць надзейнае і бесперабойнае забеспячэнне нашых спажыўцоў. На цеплавы пункт прыходзіць цепланосьбіт з усімі неабходнымі параметрамі. Далей жыллёва-камунальныя службы ўжо размяркоўваюць цяпло ў цепланосьбіт самастойна.


А ў гэты час сіноптыкі робяць несуцяшальныя прагнозы - мінус за акном будзе толькі мацнець. Сапраўдны марозны экстрым пачнецца ўжо заўтра, пік халадоў прыпадзе на чацвер і пятніцу, ноччу да мінус 24, а па ўсходзе - 29. І калі ў кватэрах у выпадку НЗ можна будзе ратавацца абагравальнікам, то ў дзіцячых садах, школах і бальніцах норму, менавіта 18 градусаў цяпла, тэрмометр павінен паказваць без перабояў.


Высвятляць прычыну халоднай батарэі ў дзіцячых садах начальніку абаненцкай службы Мінскіх цепласетак Яўгену Крамянецкаму за гэты сезон прыходзілася ўсяго 2-3 разы. Такія заяўкі абслугоўваюцца без чаргі. Як толькі стрэлка тэрмометра апускаецца да мінус 15, работнікі цепласетак аўтаматычна пераключаюцца на дзяжурны рэжым і гатовы адрэагаваць на аварыйную сітуацыю ў любы час дня і ночы. Так што сур'ёзных праблем, запэўнілі нас чарговы раз сёння спецыялісты, нават пры сур'ёзным мінусе за акном быць не павінна.