Плакаты часоў Вялікай Айчыннай вайны экспануюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі

14 мая 2016

Патрыятычыя і сатырычныя плакаты часоў Вялікай Айчыннай вайны экспануюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Самыя вядомыя творы плакатнага мастацтва былога Савецкага Саюза. Тут можна ўбачыць і знакавы "Радзіма-маці заве", і хрэстаматыйны "Усё для фронту, усё для перамогі".

Расказвае Алена Борматава.

Малюнкі, графіка, фотакалажы - плакаты часоў Вялікай Айчыннай стваралі ў розных тэхніках. Першыя датуюцца ўжо ліпенем 1941-га. Многія мастакі атрымалі загады ЦК на стварэнне патрыятычных плакатаў і сатырычных малюнкаў. Беларускія пачалі выходзіць ў рэдакцыі газеты "Раздавим фашистскую гадину". Спачатку ў Гомелі, затым у Маскве.

Алег Ладзісаў, вучоны сакратар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі: "Яе скідвалі з самалёта, яе нейкім іншым чынам дастаўлялі нават у тыл ворага, у партызанскія атрады і на тэрыторыі, якія былі акупіраваныя фашыстамі, таму што тады яна выходзіла як орган Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі і лічылася, што савецкія людзі не павінны заставацца без інфармавання".

Хрэстаматыйныя плакаты часоў Вялікай Айчыннай - "Радзіма-маці заве" і "Усё для фронту, усё для перамогі". Гэтыя слоганы сталі і творчым крэда для многіх мастакоў. Як правіла, плакаты стваралі прафесійныя майстры з імёнамі, сярод якіх і Анатоль Волкаў - аўтар знакамітага палатна "Вызваленне Мінска" і нават скульптар Заір Азгур.

Большасць з экспанатаў - трохкаляровыя. Гэта адметнасць плакатнага мастацтва саракавых. Часцей за ўсё яны выпускаліся на звычайнай газетнай паперы і не заўсёды пазначаліся выхаднымі звесткамі – калі, дзе і якім тыражом надрукаваныя.

Выстава плакатаў часоў Вялікай Айчыннай вайны - гэта не старт экспазіцыйным праектам да Дня Перамогі, а заключны этап. Выстава распачалася летам і за год аб'ездзіла амаль усе краіны Еўропы і Прыбалтыкі. А завяршаецца там, дзе год таму быў дадзены старт экспазіцыйнаму праекту, - у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.