Пададзена 77 заявак. Усё менш часу застаецца, каб стаць удзельнікам нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2019"

31 января 2019

На гэтую хвіліну 77 прэтэндэнтаў. Сёння апоўначы Белтэлерадыёкампанія завершыць прыём заявак на ўдзел у нацыянальным адборы на "Еўрабачанне-2019".

Белтэлерадыёкампанія завершыць прыём заявак на ўдзел у нацыянальным адборы на "Еўрабачанне-2019" сёння апоўначы. Упершыню ў гісторыі праекта анкеты кандыдатаў прымаюцца выключна ў электронным выглядзе. Запоўніць фармуляр можна на сайце медыяхолдынга tvr.by. Паўдзельнічаць у нацыянальным адборы выказалі жаданне не толькі беларускія, але і замежныя музыканты. Ёсць заяўкі і ад зорак папярэдніх адбораў - "Напалі", Ален Хіт, групы "PROвокация", Наталлі Кудрынай, Анжалікі Пушновай. Праслухоўванне прэтэндэнтаў адбудзецца ў панядзелак на Макаёнка, 9. Па яго выніках будуць вызначаныя фіналісты праекта, якія выканаюць свае кампазіцыі ў прамым эфіры.

Святлана Смалонская-Краскоўская, кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі:

"Што датычыцца геаграфіі, гэта беларусы, нашы найбліжэйшыя суседзі - Расія, Украіна, далей ідуць Польшча, Румынія, Швецыя, ЗША, Вялікабрытанія, Партугалія. Паглядзім, як будуць ісці справы. Зусім хутка ўжо 4 лютага. Прычым усе ахвотнікі змогуць убачыць, як праходзіць само праслухоўванне, паколькі традыцыйна на сайце Белтэлерадыёкампаніі будзе ісці анлайн-трансляцыя гэтага мерапрыемства".

Пераможца выніковага гала-канцэрта адправіцца на "Еўрабачанне-2019", якое пройдзе ў Тэль-Авіве ў некалькі этапаў. Два паўфіналы 14 і 16 мая, фінал - 18 мая. Па выніках жараб'ёўкі прадстаўнік ад Беларусі выйдзе на сцэну ў першай частцы першага паўфіналу. Трансляцыю шоу традыцыйна будзе весці Белтэлерадыёкампанія як адзіны прадстаўнік Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза ў нашай краіне.