Перспектывы добраўпарадкавання сталічнага мікрараёна Чыжоўка

8 июня 2017

Добраўпарадкаваць зону адпачынку вакол сталічнага парка імя Грэкавай і пабудаваць спартыўныя і грамадскія аб'екты. План забудовы тэрыторыі павінны былі прэзентаваць жыхарам, аднак актавая зала не змясціла ахвотнікаў азнаёміцца з праектам. Справа, магчыма, у тым, што для рэалізацыі забудовы прыйдзецца зносіць прыватны сектар.

Антаніна Станкевіч – аб магчымай будучыні Чыжоўкі. Гэта ціхая і на першы погляд крыху сонная вуліца ў прыватным сектары сталіцы апошнім часам устрывожана. Месяц таму гарадскія ўлады абвясцілі: план рэканструкцыі гэтай тэрыторыі гатовы, можна абмяркоўваць. Аднак дыялогу не атрымалася. На сустрэчу з архітэктарамі і адміністрацыяй раёна прыйшло столькі людзей, што зала проста не змясціла ўсіх.

29-гадовы Дзмітрый жыве ў гэтым доме ўсе жыццё. Жартуе: адно з першых слоў, што пачуў, знос. Праўда, да справы так і не дайшло, аднак па законе рабіць з домам ужо два дзясяткі гадоў нельга нічога. Яго сваячка і суседка Валянціна толькі разводзіць рукамі: фасад і рады былі б прывесці ў належны стан і выгляд, але не дазваляюць.

Да гэтай пары людзі нават і не ведалі, што будзе з іх вуліцай. Аднак архітэктары горада вызначыліся: рэкрэацыйную зону вакол ракі Свіслач прывядуць у парадак, пры гэтым справа не абмяжуецца толькі банальным прыбіраннем і стрыжкай кустоў і дрэў.

Згодна з планам, тут павінны з'явіцца новыя веладарожкі, берагавую лінію ачысцяць. Не выключана, што і Чыжоўскае вадасховішча стане месцам для купання. Акрамя таго, гаворка ідзе і пра будаўніцтва спартыўнага цэнтра. А вось новае жыллё тут будаваць не плануюць.

Дэталёва ўсё вырашыцца да канца месяца і пасля абмеркавання з мясцовымі жыхарамі. Сустрэчу дамовіліся перанесці на другі дзень і ў больш зручнае памяшканне. Кожны можа даслаць свае заўвагі і пажаданні да 16 чэрвеня.