Памятны аб’ект з’явіўся на месцы вёскі Ала, якая была зверскі спалена фашыстамі

27 июня 2020
Буйны мемарыяльны комплекс – да 75-годдзя Перамогі. Будоўля ў Светлагорскім раёне, якая стала сапраўды народнай. Свае сілы Беларусь аб'яднала дзеля захавання памяці загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Памятны аб’ект з’явіўся на месцы вёскі Ала, якая была зверскі спалена фашыстамі. Тады загінулі каля 2 тысяч чалавек. Па колькасці ахвяр трагедыя роўная 12 Хатыням. На новым мемарыяле пабывала Ганна Кавалёва.

76 гадоў таму на гэтым месцы быў невялікі населены пункт Ала. У 1944 тут сабраліся жыхары суседніх 7 вёсак, каб разам чакаць салдат Савецкай арміі. Але замест ратавальнікаў прыйшлі немцы. Частку людзей расстралялі. Астатніх сагналі ў хлеў і падпалілі.

Тады згарэлі 1 758 чалавек. З іх  950 дзяцей

Па колькасці ахвяр гэта  12 Хатыняў. Сярод загінуўшых  цётка Наталлі Гаўрыленкі. Трагічную гісторыю сваячкі жанчына беражліва захоўвае. Кажа, калі ў вёску прыйшлі немцы, цётка Ганна апынулася ў тым самым хляве. У вогненны кацёл ледзь не трапіў і яе дзядзька.

Пасля вайны на месцы згарэлай вёскі жыхары раёна ўсталявалі паклонны крыж

Аднак маштабы трагедыі былі несуразмерныя з памятным месцам. Некалькі гадоў таму пачалася праца па стварэнні мемарыяла. І вось сёння тут ужо адзін з найбуйнейшых у краіне мемарыяльных комплексаў.
На працягу ўсяго маршруту  стэлы з сілуэтамі загінуўшых. Рэканструявалі і мясцовае брацкае пахаванне. Побач высадзілі яблыні сорту "ала". Сімвалічна і тое, што колер іх пладоў цёмна-чырвоны. У цэнтры - 9-метровы паклонны крыж. Апошнім штрыхом стануць прозвішчы загінуўшых, якія ў перспектыве нанясуць на каменныя пліты. Над вызначэннем імён зараз працуе мясцовы музей.
Гэта копія акта камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дакумент ўдалося знайсці ў дзяржаўным архіве Мазыра. Ён дапамог часткова ўзнавіць прозвішчы загінуўшых.

Праца гісторыкаў працягваецца. Жыхары Светлагорскага раёна кажуць: "Для нас гэта вельмі важна".

Дарэчы, сцежка да спаленай Алы не зарастала ніколі ўсе 75 мірных гадоў. Паток людзей не спыняўся і ў момант будаўніцтва. Людзі едуць сюды з усёй Беларусі і  замежжа, каб ушанаваць памяць і ўскласці да мемарыяла кветкі.