Адкрылася новая выстава фотаэксперыментаў Аліка Замосціна "Трансфармацыя"

27 октября 2020

У Гістарычным музеі адкрылася новая выстава фотаэксперыментаў Аліка Замосціна "Трансфармацыя". У экспазіцыі больш за 40 работ з яго новай фотасерыі. За працэсам трансфармацыі фота ў карціну назірала Ларыса Гулякевіч.

Чорна-белы дзьмухавец, неонавыя кветкі, таемны жаночы позірк, які сочыць за кожным вашым рухам. Усе гэтыя карціны з філасофскім падтэкстам зроблены… са звычайных фотаздымкаў. Аўтар Алік Замосцін трансфармуе фота ў графіку. Яго новая выстава так і называецца "Трансфармацыя".

Усе сакрэты фоташопу і камп'ютарнай графікі яму падуладныя. І не таму, што ён іх дасканала вывучаў. Усё атрымлівалася метадам дотыку і падбору. Гадзіны за камп'ютарам. Большая частка работ потым апынаецца ў сметніцы, застаюцца толькі тыя, якія вынікова, часам нечакана здзівілі і зацікавілі аўтара.

Фотакарціны Аліка Замосціна не толькі выклікаюць эмоцыі, яны правакуюць. Адных на паэзію, філасофскую думку, другія "чуюць" у гэтых работах музыку.

У гэтага мастака заўсёды новая канцэпцыя. Калі ён робіць звычайны нацюрморт, атрымліваюцца характарныя партрэты. Калі здымае людзей, то парушае ўсе каноны партрэтнага жанру. І зноў новы ракурс. Яму быццам надакучыла класіка, і ён вырашыў размаляваць камп'ютарным алоўкам.

Па прафесіі інжынер, працаваў і жыў у розных краінах свету: Канадзе, ЗША, Ізраілі. Творчай фатаграфіяй пачаў займацца на радзіме - у Беларусі. Гэта пятая фотавыстава, якая па традыцыі адкрываецца ў Гістарычным музеі.

Сярод фотапрафесіяналаў ён навічок. Адсюль і незвычайны падыход да знаёмых рэчаў: нацюрморты, дзе фактурай была не вельмі свежая садавіна і кветкі; партрэты простых і славутых людзей у незвычайных ракурсах. Асобны праект - рукі людзей розных узростаў і прафесій. На гэты раз новы эксперымент лічбавай фатаграфіі, які атрымаўся.